Эвалюцыя праграмы БХД

22.06.2017, 08:42  |  Навіны » Грамадства

Эвалюцыя праграмы БХД

 

Першая праграма Беларускай Хрысціянскай Дэмакратычнай Злучнасці, зацверджаная яшчэ ў 1920 годзе, уяўляла сабой хутчэй накід, дэкларацыю, выкладзеную на некалькіх старонках. Але ўжо ў 1926-м, у выніку шматмесяцовага абмеркавання ў "Крыніцы”, партыйнае кіраўніцтва рыхтуе абноўленую, грунтоўную праграму, якая разгортвае перад намі панараму развіцця ўсяго беларускага хадэцкага руху і дае адказы на большасць вострых пытанняў часу.

"У самым першым пункце абвяшчалася імкненне БХД да незалежнасці беларускага народу, аб’яднанага ў незалежную дэмакратычную рэспубліку. Гаварылася, што партыя ідзе да сваіх мэтаў эвалюцыйным шляхам, найперш праз развіццё нацыянальнай свядомасці беларусаў. Далей фактычна ішоў пералік пераўтварэнняў, неабходных для стварэння незалежнай дэмакратычнай краіны: пашырэнне паўнамоцтваў самакіраванняў, дэмакратызацыя суду, незалежная нацыянальная сістэма адукацыі, сацыяльнае заканадаўства і г.д”, - піша часопіс "Спадчына”.

Ключавым, аднак, на той момант, было зямельнае пытанне: беларускія сяляне стагналі, маючы мала зямлі, а памешчыцкія альбо асадніцкія землі, што займалі агромністыя абшары, часцяком не ўрабляліся. Лідары БХД, найперш ксёндз Адам Станкевіч, настаялі на рашучым патрабаванні перадаць малазямельным альбо беззямельным сялянам зямлю бяз выкупу. Крытыкі (напрыклад, айцец Фабіян Абрантовіч) лічылі гэта ламаннем права прыватнай уласнасці і нават патураннем сацыялізму – але большасць дэлегатаў З’езду 1926 года падтрымала Станкевіча. Справа ў тым, што вясковыя ксяндзы альбо сяляне, якія складалі ядро актыву БХД, разумелі: без зямлі сяляне-беларусы асуджаныя на рабскую працу ў польскага пана ці расейскага камуніста, і толькі стварэнне масавага прыватнага ўласніка дасць падмурак для эканамічнага ўздыму і незалежнасці Беларусі.

Праграма БХД 1926 года прадугледжвала:

-Вядучую ролю мясцовага самакіравання – ва ўласнасць самаўрадаў прапаноўвалася перадаваць нават лясы, воды і нетры, самаўрад жа вызначаў і правілы зямельнай рэформы.

-Незалежнасць судоў, найперш праз суды прысяжных і міравых суддзяў

-Абавязковае і бясплатнае навучанне на роднай мове

-Свабоду веры; поўную беларусізацыю Касцёла/Царквы

-Забарону смяротнай кары

-Вырашэнне справаў сям’і на аснове хрысціянскай маральнасці

-Хутарскія гаспадаркі і крэдыты дзеля іх закладання

-Скасаванне асадніцтва

-8-гадзінны працоўны дзень

-Адзіны прагрэсіўны падатак

-Шырокую кааперацыю

-Правы рабочых, нямоглых і пацярпелых ад вайны

З невялікімі зменамі на наступных з’ездах, менавіта гэтая праграма БХД сталася падмуркам для разгортвання і развіцця хрысціянска-дэмаратычнага руху на дзесяцігоддзе - ў пару ягонага росквіту.

З кнігі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя: 1917 - 2017"

Працяг будзе

 

Навіны па тэме