Праграма БХД. Міжнароднае супрацоўніцтва

30 чэрвеня 2017 10:12  |  Палітыка

 

Праграма БХД. Міжнароднае супрацоўніцтва

 

6.2.1. Беларусь з’яўляецца краінай – заснавальніцай Арганізацыі аб’яднаных нацыяў і прымала самы актыўны ўдзел у яе працы з моманту заснавання ў 1945 годзе. Мы ганарымся нашым удзелам у станаўленні і дзейнасці ААН. Глабальныя праблемы патрабуюць адпаведных рашэнняў праз супрацоўніцтва і дыялог усіх краін свету. ААН з’яўляецца адзіным глабальным форумам і займае асаблівае месца ў міжнародным супрацоўніцтве. Паспяховасць міжнароднай кааперацыі для вырашэння глабальных праблем залежыць ад умацавання і рэформы ААН. Мы лічым, што старая канфігурацыя сілы і размеркаванне ўплыву ў ААН, якая сягае ў часы “халоднай вайны”, страціла актуальнасць і не адпавядае сённяшняму дню. Беларусь будзе ў саюзе з іншымі дзяржавамі спрыяць рэформе ААН, каб пашырыць колькасць чальцоў Рады Бяспекі і абмежаваць “права вета” пастаянных чальцоў Рады Бяспекі. Беларусь павінна прымаць актыўны ўдзел у працы ААН і прасоўваць ідэалы хрысціянскай дэмакратыі. БХД бачыць важным пашырэнне барацьбы з галечай на прынцыпе развіццёвага салідарызму. Беларусь мусіць спрыяць умацаванню міру і негвалтоўнага вырашэння канфліктаў ва ўсім свеце.

6.2.2. БХД бачыць вялікі патэнцыял ад развіцця ідэі кааперацыі краін ЕС з краінамі Ўсходняга партнерства. Гэтая форма рэгіянальнага супрацоўніцтва накіравана на ўцягванне ў арбіту еўрапейскага ўплыву дзяржаў Усходняй Еўропы і Закаўказзя. Актыўны ўдзел і развіццё ідэі Ўсходняга партнёрства можа даць адчувальныя вынікі ў міжрэгіянальным развіцці ў палітычным, грамадзянскім і эканамічным вымярэннях.

З Праграмы БХД “Народная партыя з хрысціянскім сэрцам”, прынятай у Менску 13 чэрвеня 2015 года

Болей навін