Праграма БХД. Еўрапейскі выбар Беларусі

04.07.2017, 10:13  |  Навіны » Грамадства

 

Праграма БХД. Еўрапейскі выбар Беларусі

 

6.3.1. БХД разглядае Беларусь як неад’емную частку еўрапейскай цывілізацыі, грунтаванай на хрысціянскіх каштоўнасцях. Гістарычна Беларусь заўсёды была ў арэале агульнаеўрапейскіх працэсаў і мае багатую еўрапейскую гісторыю часоў Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Таму мы бачым месца Беларусі ў сям’і еўрапейскіх народаў.

6.3.2. Беларусь будуе свае адносіны з Эўрапейскім Зьвязям у залежнасці ад таго, наколькі Эўразьвяз захоўвае хрысціянскія каштоўнасці.

6.3.3. Еўрапейскі Саюз на сённяшні дзень з’яўляецца адным з галоўных нашых гандлёвых партнёраў. Далучэнне Беларусі да еўрапейскага рынку дасць нашай прадукцыі дадатковыя магчымасці для паспяховай канкурэнцыі на еўрапейскім вельмі ёмістым рынку. Еўрапейская прамысловасць арыентуецца на высокія тэхналогіі і навукаёмістасць, што надае ёй вялізны прыярытэт у сусветным падзеле працы, таму далучэнне Беларусі да еўрапейскага рынку будзе садзейнічаць сучаснаму развіццю нашай эканомікі.

6.3.4. Разам з тым БХД разумее, што паўнавартаснае ўступленне Беларусі ў Еўрапейскі Саюз з’яўляецца аддаленай перспектывай, якая дасягаецца толькі паступовым рухам і сур’ёзнымі рэформамі. Беларусь павінна стаць на шлях еўрапейскай інтэграцыі, але БХД не разглядае ўступленне Беларусі ў Еўрапейскі Саюз як першачарговую мэту і блізкую перспектыву. Найбольш актуальным для нас з’яўляецца далучэнне да Еўрапейскай эканамічнай прасторы, якая дазволіць нам інтэгравацца ў агульны еўрапейскі рынак, але захаваць свабоду ў фіскальнай, манетарнай, бюджэтнай палітыцы і ў іншых галінах, якія рэгулююцца дырэктывамі Брусэля для краін – чальцоў ЕС. БХД разглядае ўдзел Беларусі ў Еўрапейскай эканамічнай прасторы як форму асацыяцыі з Еўрапейскім Саюзам з найбольш поўным захаваннем уласнага суверэнітэту.

6.3.5. Беларусь прыязна ставіцца да многіх ініцыятыў еўрапейскай палітыкі і зможа прымаць удзел у іх ажыццяўленні, з’яўляючыся асацыяваным сябрам Еўрапейскага Саюза.

З Праграмы БХД "Народная партыя з хрысціянскім сэрцам", прынятай у Менску 13 чэрвеня 2015 года

Навіны па тэме