Праграма БХД. Адносіны з Расійскай Фэдэрацыяй

06 ліпеня 2017 04:23  |  Палітыка

 

Праграма БХД. Адносіны з Расійскай Фэдэрацыяй

 

6.4.1. Расійская Федэрацыя з’яўляецца для Беларусі найбуйнейшым суседам. Беларусь хоча будаваць адносіны з Расійскай Федэрацыяй на ўзаемавыгаднай парнёрскай аснове, прытрымліваючыся прынцыпаў роўнасці і добрасуседства. Мы лічым, што такі інтэграцыйны праект, як Саюзная дзяржава Беларусі і Расіі супярэчыць беларускім нацыянальным інтарэсам і не мае будучыні. БХД выступае за ліквідацыю гэтага інтэграцыйнага праекта. Але мы павінны захаваць усе сацыяльныя здабыткі, якія тычацца свабоднага перамяшчэння людзей, адукацыі, аказання медыцынскіх паслуг і г.д. Гэтыя магчымасці рэгулююцца адпаведнай заканадаўчай базай на аснове двухбаковых дамоў.

 

6.4.2. Агрэсія Расіі супраць Украіны і анэксія Крыму, міжнародныя санкцыі ствараюць новую геапалітычную сітуацыю, якая патрабуе выразнага вызначэння. БХД не прымае перагляду межаў і збройнага гвалту, асуджае імперскую, захопніцкую палітыку Крамля на постсавецкай прасторы і лічыць неабходным рыхтавацца да абароны беларускай незалежнасці.

6.4.3. Расійская Федэрацыя з’яўляецца натуральным гандлёвым партнёрам Беларусі, таму мы зацікаўленыя ва ўсталяванні тавараабмену без “гандлёвых войнаў”. Разам з гэтым мы лічым неабходным паменшыць эканамічную залежнасць Беларусі ад Расіі, зменшыць вялізны дысбаланс у знешнім гандлі, які прыходзіцца на Расію.

6.4.4. Пазаблокавы статус Беларусі і агрэсіўная палітыка Крамля вымушаюць нас спыніць удзел у Арганізацыі дагавору аб калектыўнай бяспецы (АДКБ). Ваеннае супрацоўніцтва Беларусі і Расійскай Федэрацыі мусіць ажыццяўляцца з улікам нашага пазаблокавага статуса. Беларусь не будзе размяшчаць на сваёй тэрыторыі ваенныя базы іншых дзяржаў. БХД выступае за вывад з тэрыторыі Беларусі расійскіх ваенных баз. Тэрміны і ўмовы вываду будуць вырашацца шляхам двухбаковых перамоў.

6.4.5. БХД будзе спрыяць развіццю добрасуседскіх сувязяў паміж Беларуссю і Расійскай Федэрацыяй для агульнага дабра нашых народаў.

Болей навін