Разгляд скаргі на зрыў Дня Волі перанеслі на час пасля сесіі ПА АБСЕ

06.07.2017, 17:36  |  Галоўныя навіны, Палітыка

Разгляд скаргі на зрыў Дня Волі перанеслі на час пасля сесіі ПА АБСЕ

 

У Менскім гарадскім судзе адбыліся папярэднія слуханні па разглядзе касацыйный скаргі адказнага сакратара Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Дзяніса Садоўскага на зрыў Менгарвыканкамам акцыі да Дня Волі 25 сакавіка. У судзе, апроч пазоўніка, прысутнічалі 15 чалавек, у тым ліку сябры БХД, лідар Сацыяльна-хрысціянскага руху Вольга Кавалькова, прадстаўнікі дыпламатычных місій, журналісты. Менгарвыканкам слуханні праігнараваў.

Дзяніс Садоўскі і яго адвакат яшчэ раз акрэслілі парушэнні з боку Менгарвыканкаму, зрабіўшы акцэнт на тым, што гарадскія ўлады парушылі закон аб масавых мерапрыемствах, калі адказ быў дадзены не за пяць сутак да 25 сакавіка, як патрабуе закон, а толькі напярэдадні ўвечары. Тым самым акцыя была сарваная, і віна за тое, што яна прайшла несанкцыянавана, ляжыць на Менгарвыканкаме.

Таксама Менскаму гарадскому суду было прапанавана падлічыць прыклад, які не адужыў Менгарвыканкам і суд Маскоўскага раёна - што ад 25 адняць 5 будзе 20, а не 24.

У выніку суд прапанаваў працягнуць разгляд з абавязковым удзелам прадстаўніка Менгарвыканкаму 13 ліпеня. Пачатак паседжання аб 11:00 у Менскім гарадскім судзе.

"Хутчэй за ўсё, такое рашэнне звязана з сесіяй ПА АБСЕ ў Менску і прысутнасцю ў судзе дыпламатаў. Улады, відаць, не хацелі ганьбіцца, нахабна ігнаруючы факт відавочнага парушэння. І таму вырашылі адкласці сваё рашэнне, каб вынасіць вердыкты ўжо пасля сесіі ПА АБСЕ. Але праўда на нашым баку, таму мы спыняцца не збіраемся”, - адзначыў адказны сакратар БХД.

Навіны па тэме