Віталь Рымашэўскі заклікаў Еўропу быць больш шчырай у дачыненнях з беларускімі ўладамі

06 ліпеня 2017 19:06  |  Галоўныя навіны

Віталь Рымашэўскі заклікаў Еўропу быць больш шчырай у дачыненнях з беларускімі ўладамі

 

Сустаршыня
Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі 6 ліпеня ўзяў удзел у
дыскусіі па Беларусі, якая адбылася ў рамках Менскай сесіі ПА АБСЕ. У ёй
таксама ўдзельнічалі дэпутаты краін Еўразвязу, у тым ліку аўтар праекту рэзалюцыі
ПА АБСЕ па сітуацыі з правамі чалавека ва Усходняй Еўропе Крыстыян Гольм, спецдакладчык
ААН па Беларусі Міклаш Харасці, дыпламаты, прадстаўнікі ўладаў і беларускай
апазіцыі.

 

Віталь Рымашэўскі
заклікаў Еўропу быць больш шчырай у дачыненнях з беларускімі ўладамі. “У беларускіх уладаў сёння складваецца памылковае адчуванне, што дыялог з ЕС, усталяванне поўнафарматынх стасункаў магчымыя без вырашэння сітуацыі з правамі чалавека ў
Беларусі. Але гэта не так. І Еўразвяз, і іншыя дэмакратычныя краіны свету
павінны гэта адкрыта казаць”, – адзначыў ён.

Сустаршыня БХД
таксама падкрэсліў, што за круглым сталом мусіць быць пачуты ў першую чаргу голас беларускага
народу і ўладамі, і апазіцыяй, і міжнароднай супольнасцю. “І ўсе размовы пра рэформы
ў Беларусі павінны ўлічваць меркаванні людзей, якія выходзяць на плошчы, якія пакутуюць
ад татальнага крызісу ў краіне. Мы адкрытыя да дыялогу з уладамі, бо
незалежнасць дзяржавы не могуць абараніць ніякія танкі, калі няма ўнутранай
еднасці ў Беларусі. А гэтая еднасць, дыялог не магчымыя без узаемапавагі, у першую чаргу павагі дзяржавы да сваіх грамадзян”, –
дадаў ён.

Пры гэтым Віталь
Рымашэўскі адзначыў, што хоць зараз апазіцыя і ўлады сядзяць за адным сталом,
заўтра першыя ў любы момант могуць апынуцца за кратамі. “Каб дыялог быў
плённым, на яго павестку трэба выносіць пытанні рэальных рэформаў. А сам дыялог
мусіць быць сістэмным і сталым”, – падкрэсліў палітык.

7 ліпеня Віталь
Рымашэўскі і іншыя лідары Правацэнтрысцкай кааліцыі ў рамках ПА АБСЕ возьмуць
удзел у паседжанні групы Еўрапейскай народнай партыі.

Болей навін