Віншуем з 70-годдзем Анатоля Астапенку!

07.08.2017, 09:25  |  Навіны » Грамадства

Віншуем з 70-годдзем Анатоля Астапенку!

 

Беларуская хрысціянскай дэмакратыя шчыра віншуе з 70-годдзем навукоўца, пісьменніка, аднаго з адраджэнцаў хрысціянска-дэмакратычнага руху 1990-х, былого сустаршыню Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Анатоля Астапенку. Жадаем яму моцнага здароўя, трывалай веры, плёну ў працы і дзейнасці і Божага дабраславення!

 

Анатоль Астапенка нарадзіўся 7 жніўня 1947 года ў вёсцы Мсцібава Ваўкавыскага раёна ў сям’і настаўніка фізікі. У 1949 г. сям’я пераехала ў г.п. Васілевічы Гомельскай вобласці. У 1964 годзе з срэбраным медалём скончыў Васілевіцкую СШ.

У 1964 г. паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Гомельскага педінстытута, а ў 1967 г. перавёўся вучыцца на фізічны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта, які закончыў у 1970 г. Вучыўся ў аспірантуры Інстытута фізікі АН БССР па спецыяльнасці "Тэарэтычная і матэматычная фізіка”. Напісаў кандыдацкую дысертацыю "Ферміён-антыферміённае ўраўненне і спектр мас мезонаў" і абараніў яе ў 1986 г. У 1998 г. было прысвоена званне дацэнта па спецыяльнасці "Інфарматыка, кіраванне і вылічальная тэхніка”.

Працаваў малодшым навуковым супрацоўнікам Інстытута фізікі АН бССР (1975 – 1985 гг.), затым навуковым навуковым супрацоўнікам на факультэце прыкладной матэматыкі Беларускага дзяржаўнага універсітэта (1985-1989), старшым выкладчыкам Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага універсітэта (1989-1996), дацэнтам Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры, МГЭІ і БНТУ (1996-2012). З 2012 г. – дацэнт Інстытута бізнеса і менеджмента тэхналогій БДУ.

Напісаў вучэбныя дапаможнікі: "Лекцыі па сістэме праграмавання TURBO-PASCAL 5.5”. (Мн., 1996); "Правовая информатика”. (Мн., 2007), "Лабораторный практикум по курсу «Основы информационных технологий и программирования» (Мн., 2016).

На пачатку 1990-х гадоў удзельнічаў у распрацоўцы тэрміналогіі па інфарматыцы на беларускай мове. Выступаў з дакладамі на навуковых канферэнцыях па беларускамоўнай тэрміналогіі. Больш за 10 год (з 1990 г.) выкладаў у Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце і універсітэце культуры цыкл прадметаў па інфарматыцы і праграмаванню на беларускай мове.

Анатоль Астапенка - удзельнік Устаноўчага з’езду БНФ у Вільні ў 1989 г. У 1990 годзе заснаваў Нацыянальна-дэмакратычную партыю Беларусі і да яе раколу быў старшынёй партыі. Гэта была першая партыя пасля ўсталявання шматпартыйнасці.

У 1994 г. па яго ініцыятыве была створана Беларуская нацыянальная партыі (БНП), якую ён ўзначальваў да закрыцця партыі ў 1998 г. Напісаў праграму БНП, дзе ўпершыню нацыяналізм адкрыта абвяшчаецца базавай каштоўнасцю грамадства, а сфармуляваныя прынцыпы БНП адлюстроўвалі прынцыпы хрысціянска-дэмакратычнай ідэалогіі ва ўмовах Беларусі. У праграмных дакументах БНП пазіцыянавала сябе як партыя хрысціянска-дэмакратычнага накірунку.

З 1998 г. Анатоль Астапенка - намеснік старшыні Цэнтральнай Рады Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады (БСДГ).

У 2005 - 2006 гадах - сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя (БХД). Удзельнічаў у стварэнні праграмы БХД.

Яшчэ з 80-х гадоў ХХ ст. Анатоль Астапенка займаўся вывучэннем беларускай культуры, гісторыі і рэлігіі. У 1994 годзе надрукаваў у часопісе "Маладосць” свой першы публіцыстычны артыкул "Міф аб талерантнасці беларусаў” і з таго часу пачаў займацца літаратурнай дзейнасцю. Выступае ў перыядычным друку па палітычных пытаннях, праблемах беларускай дзяржаўнасці і нацыянальнага адраджэння.

Абгрунтаванню нацыянальнай ідэі ў хрысціянстве была прысвечана першая публіцыстычная кніга А. Астапенкі "Хрысціянства і нацыянальная ідэя” (Мн. 1998). Свае ідэі і роздум над праблемамі нацыянальнага адраджэння беларусаў А. Астапенка абагульніў у наступнай кнізе "Паслухайце нацыяналіста”, якая была выдадзена ў 2000 г. у Вільні.

У 2004 годзе была напісана манаграфія "Нацыянальная ідэя ў сучасным свеце”, стаўшая асновай аднаймённай дысертацыі. У 2005 г. Анатоль Астапенка атрымоўвае навуковую ступень доктара паліталогіі Міжнароднай акадэміі інфармацыйных тэхналогій МАІТ). У 2006 г. ён абраны член-карэспандэнтам МАІТ.

У 2007 годзе быў прыняты ў шэрагі Саюза беларускіх пісьменнікаў.

У 2010 годзе выйшла яго фундаментальнае даследванне Беларускай нацыянальнай ідэі ў выглядзе ёмістай (734 стар.) кнігі "Игде зродилися и ускормлены суть по Бозе. Дослед беларускага нацыяналізму”, выд. Санкт-Петербург, "Невский простор”, 2010.

У сваёй навуковай і публіцыстычнай дзейнасці стаіць на пазіцыях беларускага нацыянальнага адраджэння, хрысціянскіх каштоўнасцей і веры ў будучыню Беларусі.

Усяго ім надрукавана каля 150 навуковых і публіцыстычных артыкулаў.

А. Астапенка вядомы яшчэ і выдавецкай дзейнасцю. Ён складальнік унікальных адрыўных календароў "Беларусь праваслаўная”, "Хрысціянскія святыні” і "Беларускі календар” за 2004 - 2007 гады.

Анатоль Астапенка працуе і жанры прозы. У 2012 годзе пад псеўданімам Антон Кулон у выдавецтве "Логвінаў” выйшла кніга літаратурнай дакументалістыкі (creative non fiction) "Сіняя кніга беларускага алкаголіка”. У 2013 годзе у выдавецтве "Харвест” выходзіць перапрацаваны варыянт гэтай кнігі на рускай мове. А ў 2016 годзе быў напісаны цыкл апавяданняў "Між светам тым і гэтым”, які ўключае і некалькі фантастычных твораў.

Улічваючы навуковую і грамадска-палітычную работу, Амерыканскі Біяграфічны Інстытут ў 2003 г. узнагародзіў А. Астапенку Сусветным Медалём Гонару, а ў 2004 г. ён абраны Чалавекам Году.

 

Паводле аўтабіяграфіі

Навіны па тэме