Праграма БХД. Нацыянальная бяспека

21 ліпеня 2017 11:36  |  Палітыка

 

Праграма БХД. Нацыянальная бяспека

 

7.1.1. Ваенная пагроза на працягу гісторыі з’яўлялася галоўным выклікам існавання дзяржавы і дабрабыту яе народу. Пагроза ваенных канфліктаў і сёння застаецца актуальным пытаннем, але акрамя яе ў сучасным свеце набылі распаўсюд і іншыя выклікі, якія пагражаюць дзяржаўнай незалежнасці, нацыянальнай бяспецы і грамадскай стабільнасці.

 

7.1.2. БХД ставіць сваёй першачарговай мэтай дэсаветызацыю, беларусізацыю і гуманізацыю ўсей сістэмы бяспекі і правааховы. На месца колішніх сталінскіх “карных ворганаў” мусіць прыйсці традыцыя правасвядомасці, адказнасці і справядлівасці, запачаткаваная Статутамі Вялікага Княства Літоўскага.

7.1.3. Мы разумеем наш дзяржаўны суверэнітэт як вяршэнства беларускіх законаў і дзяржаўнай волі, якую рэалізуюць палітыкі, абраныя беларускім народам, на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Таму законы і дзяржаўная воля мусяць быць накіраваныя на абарону дзяржаўнага суверэнітэту ад знешняга ўмяшальніцтва і навязвання чужых інтарэсаў. Мы лічым, што для беларускага народа нацыянальная дзяржаўнасць і незалежнасць з’яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю, таму БХД будзе заўсёды выступаць у абарону дзяржаўнага суверэнітэту і незалежнасці Беларусі.

7.1.4. З’яўляючыся ўдзельнікам інтэграцыйных працэсаў, Беларусь натуральна дэлегуе частку свайго суверэнітэту наднацыянальным органам. Гэта неад’емная з’ява сучасных міжнародных адносін і ўзамен на гэта дзяржавы атрымоўваюць карысць ад удзелу ў розных інтэграцыйных працэсах. Аднак БХД выступае супраць тых інтэграцыйных праектаў, якія стратэгічна небяспечныя для існавання дзяржаўнасці і суверэнітэту Беларусі.

7.1.5. Складовай часткай пагрозы незалежнасці з’яўляецца пагроза эканамічнага суверэнітэту, якая заключаецца ў паступовым усталяванні замежнымі эканамічнымі суб’ектамі свайго кантролю над стратэгічнымі прадпрыемствамі і галінамі прамысловасці Беларусі. Удзел замежнага капіталу ў беларускай эканоміцы з’яўляецца безумоўнай карысцю: БХД будзе забяспечваць усе ўмовы для замежных інвестараў і будзе вітаць прыход у Беларусь буйнога замежнага капіталу. Аднак намі разглядаюцца як непрымальныя спробы замежных дзяржаў або замежных эканамічных суб’ектаў праз эканамічны ціск здабыць у Беларусі для сябе асаблівыя прэферэнцыі ці дамагчыся мэтаў, якія супярэчаць інтарэсам беларускай дзяржавы. Такая дзейнасць з’яўляецца парушэннем прынцыпу свабоднай канкурэнцыі, разглядаецца намі як варожая і патрабуе спынення і адэкватнага рэагавання.

7.1.6. БХД лічыць неабходным распрацоўкі Закона аб назвычайным становішчы – акту, які арганізуе працу дзяржавы ў выпадку пагрозы незалежнасці, цэласнасці і канстытуцыйнаму ладу Беларусі.

7.1.7. Тэрарыстычная пагроза ахапіла ўсе часткі свету і ў многіх краінах рэгулярна адбываюцца тэракты, якія забіваюць і калечаць мірных жыхароў, сеюць хаос і наносяць эканамічныя страты. На вялікі жаль тэрарыстычная пагроза не абмінула і Беларусь. Небяспека, якая сыходзіць ад тэрарызму, заключаецца ў вялікім дэстабілізуючым патэнцыяле гэтай з’явы, а таксама прымяненні новых сродкаў для масавых атак, у тым ліку і зброі масавага знішчэння. Усведамляючы ўсю небяспеку ад тэрарыстычнай пагрозы, БХД выступае за сістэмныя рашэнні для прадухілення тэрактаў у Беларусі. Яны звязаны з увядзеннем сучасных тэхналогіяў для барацьбы з тэрарызмам, развіццём аналітычнай складаючай у працы органаў нацыянальнай бяспекі, павышэннем кваліфікацыі супрацоўнікаў праваахоўных органаў, усталяваннем шчыльнага міжнароднага партнёрства для каардынацыі дзеянняў з іншымі краінамі.

7.1.8. Акрамя дзейнасці для прадухілення тэрактаў у Беларусі неабходна супрацьдзейнічаць выкарыстанню тэрыторыі Беларусі для перамяшчэння людзей, рэчываў і матэрыялаў, якія выкарыстоўваюцца ў тэрарыстычнай дзейнасці. Беларусь павінна абмежаваць партнёрскія і дзяржаўныя кантакты з тымі палітычнымі рэжымамі, якія падтрымліваюць тэрарыстычныя групоўкі.

Болей навін