Крыжовы шлях БХД

24 ліпеня 2017 11:40  |  Грамадства

 

Крыжовы шлях БХД

 

Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя міжваеннага часу дзейнічала ва ўмовах незвычайнага ціску і гвалту. Хрысціянскіх дэмакратаў імкнуліся знішчыць і санацыйныя ўлады, і камуністы, і нацысты. Эпоха змагання, росквіту і народнай падтрымкі БХД скончылася арыштамі, катаваннямі і расстрэламі хадэкаў. Следам за Ісусам Хрыстом, Які добраахвотна пайшоў на крыж дзеля збавення чалавецтва – хрысціянская дэмакратыя 1920-х – 1930-х гадоў ахвяравала сабой дзеля беларускага народу.

 

Ужо з пачатку 1920-ых нароўні з практыкай паланізацыі, нацыянальнага ціску і асадніцтва тагачасныя польскія ўлады праводзілі арышты беларускіх ксяндзоў перад выбарамі, канфіскацыі “Крыніцы”, пазбаўлялі рэгістрацыі ды ліцэнзіяў беларускія хадэцкія установы. Міхал Пятроўскі, Вінцэнт Гадлеўскі, Адам Станкевіч, Канстанцін Стэповіч, Янка Пазняк, Ян Шутовіч, Мікалай Дварэцкі і многія іншыя сябры БХД падвяргаліся цкаванню ды крымінальнаму пераследу, некаторым давялося адбываць турэмныя тэрміны паводле абвінавачання ў “супрацьдзяржаўнай дзейнасці”.

Пасля таго, як у 1926 годзе Віленскі біскупскі пасад заняў шавіністычна настроены арцыбіскуп Рамуальд Ялбжыкоўскі, узмацніўся і ціск праз касцёльныя структуры. Ксяндзы і клерыкі, якія лічылі ўсіх каталікоў Беларусі палякамі і не прызнавалі за беларусамі нацыянальных правоў, вялі няспынныя атакі на БХД. 10 снежня 1928 года Ялбжыкоўскі выдаў адмысловы загад, які забараняў ксяндзам належаць да БХД, а ўсім каталікам – чытаць “Беларускую Крыніцу”. Ксяндзы-беларусы былі вымушаныя сысці з партыйных пасадаў, але працягвалі падтрымліваць БХД і пад псеўданімамі пісалі ў хадэцкую прэсу.

У 1934 годзе у Картуз-Бярозе быў створаны канцэнтрацыйны лагер для палітычных супраціўнікаў санацыйнага рэжыму. Прынамсі чацвёра сябраў БХД – Вячаслаў Багдановіч, Язэп Найдзюк, Віктар Ярмалковіч і Янка Шутовіч – трапілі сюды ў 1939-ым і зазналі здзекі ды катаванні.

У 1936 годзе польскія ўлады зачынілі БІГіК, затым, у 1937 годзе – і “Крыніцу”. У 1938 годзе быў забаронены Беларускі Нацыянальны Камітэт.

Адначасова правакацыі, і часам крывавыя, ладзілі бальшавікі – сябры КПЗБ ды закінутыя на тэрыторыю Польшчы савецкія дыверсанты (Арлоўскі, Ваўпшасаў ды іншыя). Звычайнай практыкай для камуністычных актывістаў было далучацца да суполак БІГіК, пакідаць у хадэцкіх памяшканнях улёткі альбо партыйную прэсу ці ўчыняць скандалы – каб улады зачынялі гаспадарчыя ці культурніцкія ўстановы БХД. Зацкаваны, звар’яцеў і застрэліўся прыхільнік хадэцыі ксёндз Францішак Рамэйка.

Некаторых сябраў БХД, як, напрыклад, колішняга старшыню ЦК кампазітара Паўла Карузу, выманьвалі ў БССР, а затым, апрацаваўшы ў НКВД, прымушалі пісаць паклёпы.

На Захадзе набіраў сілу Гітлер. На Усходзе Сталін разгарнуў небывалы тэрор супраць уласнага народу. Падзел Чэхаславакіі, аншлюсы ды акупацыі памежных тэрыторыяў сведчылі: набліжаецца новая страшная вайна. І Беларусь ляжала паміж наймацнейшых драпежнікаў. Але і ў гэтых варунках беларускія хрысціянскія дэмакраты заставаліся адданымі Богу і свайму народу.

З кнігі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя: 1917 – 2017”

 

Працяг будзе

Болей навін