Як нацысты катавалі й знішчалі беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў

01 жніўня 2017 11:59  |  Грамадства

 

Як нацысты катавалі й знішчалі беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў

 

З пачаткам вайны нацысты хутка акупавалі Беларусь і ўсталявалі свае парадкі. Адным з наступстваў акупацыі было адкрыццё цэркваў і касцёлаў, якія зачынялі камуністы. Але для беларускіх хадэкаў было відавочна: насамрэч адну бязбожную дыктатуру змяніла іншая, і ніякага “вызвалення” нацызм Беларусі не нясе. Сябры БХД-БНА працягвалі служыць свайму народу на сваіх месцах – хто святаром, хто доктарам, хто аграномам – але кожны з іх разумеў: цяпер служэнне, дапамога блізкаму і краіне будзе смяротна небяспечным, бо для Гітлера сама хрысціянская дэмакратыя як ідэя – выклік.

 

15 снежня 1941 хрысціянскі дэмакрат ксёндз Станіслаў Глякоўскі, які працаваў у Чырвоным касцёле Менску, быў арыштаваны паліцыяй на канферэнцыі беларускіх школьных інспектараў – за тое, што не выкінуў руку ў нацыстоўскім прывітанні ў адказ на “Хайль Гітлер!” Быў расстраляны разам з некалькімі клерыкамі.

У 1942 годзе адзін з заснавальнікаў Беларускай Хрысціянскай Дэмакратычнай Злучнасці, ксёндз Ільдэфонс Бобіч (Пётра Просты) быў арыштаваны акупантамі ў Іўі, дзе ён працаваў пробашчам касцёла. Два гады Бобіч утрымліваўся ў турме, падарваў там здароўе, і неўзабаве пасля вызвалення ў 1944-м (28 красавіка) памёр.

Тады ж, у 1942-м у Докшыцах у выніку даносу быў забіты немцамі сябра ЦК БХД Альбін Сянкевіч.

4 ліпеня 1942 года ў сваёй рэзідэнцыі ў Альбярціне пад Слонімам быў арыштаваны адзін з духоўных лідэраў хрысціянскіх дэмакратаў – Беларускі экзарх грэка-каталіцкай царквы айцец Антоній Неманцэвіч. СД дапытвала і катавала святара да тых пор, пакуль ён не памёр ад сардэчна-сасудзістай недастатковасці 6 студзеня 1943 года ў турме ў Менску.

24 снежня 1942 года, у ноч на Раство, гестапаўцы арыштавалі каля менскага Чырвонага касцёла аднаго з заснавальнікаў БХД ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага, якога падазравалі ў сувязях з заходнімі саюзнікамі. Яго адвезлі ў Трасцянец і расстралялі.

18 лютага 1943 года падчас карнай аперацыі ў Росіцы нацысты і іх памагатыя знішчылі 1528 жыхароў, сярод іх і прыхільніка БХД ксяндза-марыяніна Юрыя Кашыру, які дабраахвотна застаўся ў вёсцы і пайшоў у вагонь са сваімі парафіянамі.

31 кастрычніка 1943 года проста на вуліцы Паставаў эсэсаўцамі быў застрэлены сябра БХД, старшыня Пастаўскага павету Адам Дасюкевіч, які абараняў жыхароў горада ад пабораў.

У 1943 годзе у Плешчаніцах быў закатаваны айцец Аляксандр Коўш, адзін з лідэраў Праваслаўнага Беларускага Дэмакратычнага аб’яднання – за тое, што таемна хрысціў, вянчаў і хаваў ад гестапа тутэйшых габрэяў.

З кнігі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя: 1917 – 2017”

 

Працяг будзе

Болей навін