Праграма БХД. Канфігурацыя органаў нацыянальнай бяспекі і сілавых структур

02.08.2017, 12:02  |  Навіны » Грамадства

 

Праграма БХД. Канфігурацыя органаў нацыянальнай бяспекі і сілавых структур

 

7.4.1. Да органаў нацыянальнай бяспекі адносяцца: Рада нацыянальнай бяспекі, Служба нацыянальнай варты і іншыя спецыяльныя службы.

 

7.4.2. Рада нацыянальнай бяспекі дзейнічае пры Прэзідэнце і займаецца пытаннямі ваеннага, палітычнага, эканамічнага і сацыяльнага характару, звязанымі з нацыянальнай бяспекай. У Раду нацыянальнай бяспекі ўваходзяць Прэзідэнт, Памочнік Прэзідэнта па нацыянальнай бяспецы, кіраўнік Соймавага камітэта па бяспецы, Канцлер, Міністр замежных спраў, Міністр абароны, Старшыня Службы нацыянальнай варты, Міністр унутраных спраў, Спікер Сойма, Старшыня Сената і іншыя дзяржаўныя службоўцы, удзел якіх абумоўлены павесткай дня Рады нацыянальнай бяспекі. Рада нацыянальнай бяспекі мае свой апарат, у які ўваходзяць спецыялісты і аналітыкі з адпаведных галін. Рада нацыянальнай бяспекі з’яўляецца адным з органаў, які займаецца выпрацоўкай замежнай палітыкі. Акрамя таго, Рада нацыянальнай бяспекі займаецца аналітычнай дзейнасцю, накіраванай на дапамогу прыняцця Прэзідэнтам і ўрадам ключавых рашэнняў па пытаннях знешняй палітыкі, нацыянальнай стратэгіі і ваеннай дактрыны.

7.4.3. Служба нацыянальнай варты з’яўляецца спецыяльным органам, які займаецца практычнай дзейнасцю ў абароне нацыянальнай бяспекі ў розных галінах, барацьбой з тэрарызмам, экстрэмізмам, супрацьдзейнічае выведвальнай дзейнасці іншых дзяржаў на тэрыторыі Беларусі. Кандыдатуру Старшыні Службы нацыянальнай варты ўносіць Прэзідэнт на зацвярджэнне Сенатам і Соймам. Служба нацыянальнай варты знаходзіцца па-за межамі палітычнай барацьбы і не павінна выконваць функцыі палітычнай паліцыі. У структуры Службы нацыянальнай варты будзе ўтвораны Аналітычны цэнтр, які стане інтэлектуальнай складовай практычнага забеспячэння нацыянальнай бяспекі.

7.4.4. Дзеля прадухілення засяроджання ў адной структуры самых розных кірункаў дзейнасці і празмерных паўнамоцтваў неабходна стварыць асобныя службы:

-Служба бяспекі дзяржаўнай інфармацыі;

-Служба дзяржаўнай аховы, якая займаецца мерапрыемствамі па ахове органаў улады, кіраўнікоў краіны і лідэраў парламенцкай апазіцыі.

 

На дзейнасць спецыяльных служб мусіць распаўсюджвацца парламенцкі кантроль.

Навіны па тэме