Таццяна Севярынец. Што не аплаціць ні адна страхавая кампанія

20.07.2017, 13:25  |  Блог Таццяны Севярынец, Грамадства

Таццяна Севярынец. Што не аплаціць ні адна страхавая кампанія

 

Чарговы раз назіраю, як дзяржаўная палітыка з касмічнай хуткасцю вядзе краіну да жудаснага калапсу. Выканаўцы ж, самі ні на што не здольныя, глядзяць кіраўніку дзяржавы ў рот істуканамі, ажываючы толькі тады, калі адтуль выляце якая бздура кшталту Кольканевысыпаецца.

7 ліпеня ў Копысі кіраўнік ударыў акцэнтам па стварэнні у населеных пунктах (словазлучэнне якое!) якасных умоў для жыцця людзей. Мне ўжо нецікава, як гэта будзе выглядаць, бо па досведу мінулых гадоў, а я сведка яго кіравання адпачатку, вядома: крыварукія выканаўцы набудуюць чарговых пацёмкінскіх дамкоў, паголяць вакол траўку ці пясок, пасадзяць у вокны лялек, апранутых у новыя фланелевыя халацікі на той выпадак, калі кіраўніку ўздумаецца праверыць, як той акцэнт дзейнічае.

Менш чым за кіламетр ад Віцебска ў Заронаўскім накірунку вёска Суйкава. Даволі вялікая па сённяшнім часе: 5 вуліц, школа, крама, больш за 200 жыхароў. Насельніцтва скарачаецца, бо пра якасныя ўмовы тут не ідзе нават гаворка: працы няма, зачыненыя ферма, пітомнік. Калісьці быў заможны калгас, але зараз гэта толькі ўспаміны. 5 калодзежаў, 4 з якіх летам перасыхаюць, і вёска, дзе рака Ужніца, азёры Іскраўскае, Дэйкаўскае, Бяздонка, нават ёсць закінутая ваданапорная вежа, пакутуе ад смагі, і гэта асноўная праблема. Людзі турбавалі ўладу і мясцовую, і абласную, збіралі подпісы, клікалі журналістаў, тыя красамоўна пісалі. Але зноўку лета, зноўку праблема. Кажуць, і школку хутка закрыюць, бо тыя, хто мае дзяцей школьнага ўзросту, пакідаюць чароўныя родныя мясціны ў пошуках …вады.

Між тым у амбіцыйных планах раённых і абласных дзеячоў у нейкім лахматым годзе плануецца будаўніцтва 117 дамоў індывідуальнай забудовы на паўднёва-ўсходнім накірунку ад вёскі. Вы што-небудзь разумееце? Я-не…

Людзі ў Суйкова – тыповыя беларусы. Хтосьці самааддана вядзе сваю гаспадарку, зранку да вечара апраўдваючы пагалоску, што ўлетку дзень год корміць, як Алена Янушкоўская. У Суйкова працы аніякай, толькі што, напрыклад, у крамцы, ці ў школцы , дзе пару-тройку месцічаў працуе. Калгас жа сканаў. І хоць ёсць яшчэ людзі працоўнага ўзросту, то для іх тры выйсця:

1.шукаць працу ў горадзе,

2. жыць нейкім чынам з агароду (але ж тут падатак на "дармаедства” пагражае),

3.піць і пляваць на ўсё, што з поспехам і вялікім досведам робяць некаторыя.

Апошніх відаць адразу - па сядзібках-агародзіках…

А можна быць старшынёй сельсавета шмат-шмат гадоў нязменна, як Раіса Ярошкіна. Жыве яна тут, у Суйкова, за высачэзным нятанным плотам, за якім хаваецца заможны дом з прыбудовамі, аўчаркам на ланцугу, сельгастэхнікай (мо, таму і калгас згалеў?).

На яе вуліцы Камуністычнай ажно дзве калонкі, калодзеж - для жыхароў гэтай вуліцы вада не праблема, а ў сп. Раісы і свой вадаправод ёсць, уласны. У тых, хто жыве насупраць старшыні, праблем няма, як няма і прэтэнзій, бо з галавой ад яе залежаць. Тым не менш паказалі нам людзі, як засмеччаная дрэнажная сістэма знішчае і падтапляе іх агароды, пераўтварае ў багну, а колішнія выратавальныя сажалкі зацягнула цінай, і сталі яны прытулкам для гадаў. Забалочванне і дарогі –тыя яшчэ суйкаўскія праблемы.

88-гадовая стараста вёскі Сцяпанаўна на старшыню не нахваліцца, праўда хатку сваю з фундаментам у расколінах, што на вачах прасядае да зямлі, паказвае з усіх бакоў, як і гаражык, што з прычыны падтаплення разваліўся, а страхавая не аплачвае, бо гэта здарылася не з прычыны стыхійнага бедства.

Спадарыня Наталля з вуліцы Партызанскай кажа: "Нам на вуліцу (2 км) хаця б адну калонку, то было б добра, усё б цудоўна”.

Божачкі, якія ж у нас залатыя людзі! Ну райвыканкам Віцебскі, ну пастаўце вы людзям гэную калонку, вас век у малітвах памінаць суйчане будуць!

Павязаныя людзі вясковыя як тыя немаўляці: хочаш ваду, газ - ствары кааператыў, плаці штогод унёскі, дамагайся. Піць ваду хочаш з калонкі - заключай дамову з вадаканалам, плаці. Не падабаецца мясцовая ўлада - зараз да цябе прыскача санстанцыя: на падворку смецце, дровы каля хаты, яшчэ што - вока санстанцыі ведае, куды глядзець і што заўважаць у залежнасці ад баявога настрою змагара - плаці штраф! Ну, а калі ўжо і гэта не бярэ, пагражаюць забраць дзяцей - улюбёная зараз уладай зброя. Усё перажылі і перажываюць жыхары вёскі Суйкава, што побач з фестывальным Віцебскам.

Калі гэтага не ведаеш, вочы не стамляюцца любавацца прыроднай прыгажосцю мястэчка, наваколлем. А калі даведаешся, томіць пытанне: якую ж д’ябальскую праграму выконвае ўлада па знішчэнні беларусаў, краіны. І так паспяхова… Улада - стыхійнае бедства, якое ні адна страхавая кампанія не аплаціць…

Таццяна Севярынец

 

Таццяна Севярынец. Што не аплаціць ні адна страхавая кампанія
Таццяна Севярынец. Што не аплаціць ні адна страхавая кампанія
Таццяна Севярынец. Што не аплаціць ні адна страхавая кампанія
Таццяна Севярынец. Што не аплаціць ні адна страхавая кампанія
Таццяна Севярынец. Што не аплаціць ні адна страхавая кампанія
Таццяна Севярынец. Што не аплаціць ні адна страхавая кампанія
Таццяна Севярынец. Што не аплаціць ні адна страхавая кампанія
Таццяна Севярынец. Што не аплаціць ні адна страхавая кампанія
Таццяна Севярынец. Што не аплаціць ні адна страхавая кампанія
Таццяна Севярынец. Што не аплаціць ні адна страхавая кампанія

Навіны па тэме