Вінаваты пракурор?

07.08.2017, 14:58  |  Блог Таццяны Севярынец, Грамадства

Вінаваты пракурор?

 

Прыбіралі мы нядаўна бераг вадасховішча, што знаходзіцца на ўскрайку Віцебска па адрасе вуліца 2-я Шэвардзінаўская (так дае Вікіпедыя). З двух бакоў яго агінае пасёлак з прыватных дамоў. Той, дзе амаль усе калонкі пазачыненыя. Узніклі пытанні:

Куды складаць смецце?

Ці ёсць тут, у месцы агульнаграмадскага адпачынку, прыбіральні і смеццевыя бакі?

Хто ўвогуле адказвае за яго санітарны стан і якія ёсць нормы?

Жаданне атрымаць адказы прывяло нас да выратавальнага паста "высока сяджу-далёка гляджу”. Побач з пастом - інфармацыйны стэнд, як і павінна быць па "Правілах аховы жыцця на водах РБ”, праўда, ўжо моцна пакоцаны жыццём. Матрос-выратавальнік Аўдзееў Мікалай Іванавіч нам і распавёў пра месца сваёй службы.

"Гэтае вадасховішча- штучнае ўтварэнне былога калгаса "Сялюты”, які тут разводзіў калісьці рыбу. У даўжыню яно 620 метраў, у шырыню - 380. Бачыце, вунь там была іх сталоўка, зараз будынак гібее, а вось там, у вадзе, бетоннае прыстасаванне - гэта каб было зручна закідваць рыбалоўныя сеткі. Адтуль адчайныя галовы ныраюць, але гэта надта небяспечна. Калі возера паглыблялі, дакапаліся да ключоў, лішкі вады скідваюцца ў Лучосу. Калісьці й чысцілі яго… З 2009-га году аблвыканкам вырашыў тут зрабіць зону адпачынку. Зараз перададзена адміністрацыі Першамайскага раёна Віцебска. Берагі выкасілі, прыватнік накупіў катамаранаў - вунь там база, паставілі колькі распраналень, грыбкоў для ценю, на кожным баку-прыбіральні(!), зараз толькі адна засталася, каля прыватніка з катамаранамі (?), па два смеццевыя бакі з кожнага боку(!), два разы на тыдзень спецкамбінат збіраў смецце(!), а зараз таксама толькі адзін бак(?) І спецкамбінат на нас забыўся(?). Санстанцыя робіць замеры, апошні рабілі літаральна тыдзень-паўтары таму. Але вынікаў не кажуць. Я пытаўся, дык адказалі, што калі не кажуць, то няма чаго і пытацца - усё нармалёва”.

- А дзе зараз бакі для смецця, прыбіральні?

- Гэта зараз МЕСЦА агульнаграмадскага адпачынку, а не пляж. Каб быў пляж, патрэбен подпіс пракурора. Той не падпісаў, вось і не хапае ні таго, ні другога, - паціскае плячыма.

Дык што, каб на гэтым АДЗІНЫМ для віцеблянаў возеры ў межах горада былі нармалёвыя стандартныя ўмовы, не хапіла ўсяго толькі подпісу нейкага міфічнага пракурора?

Пачуўшы нашу размову, адзін адпачываючы далучаецца да яе, каментуе, потым дадае інтрыгуючыя факты па стане вады - паказвае нам трубу, што наўпрост выведзена ў возера ад блізкага да яго дома. Каналізацыя? Прыглядзіцеся, на фатаздымку лявей ад зялёнага стартавага мастка (гэта яшчэ адзін прыватнік правёў тут лінію для водных лыж, нават трамплін у возера ўторкнуў), у вадзе, паралельна яму, бачна тая труба. Вось гэта так!!! Можа, таму і вынікі аналізу вады ўтойваюцца?

Па адказы пойдзем па інстанцыях.

Не будзе нам, віцебскім хадэкам, спакою, пакуль ў горадзе такая ўлада. Што б ні зрабілі чыноўнікі, што б ні прыдумалі, за што б ні ўзяліся - усё не па-людску, усё праз пень-калоду, без павагі да людзей.

Куды той пракурор глядзіць?

P.S. Ёсць месцы адпачынку на вадзе ў Віцебску і на Дзвіне, у р-не Мазурына, на Лучосе і Віцьбе, але пытанні тыя ж самыя.

Таццяна Севярынец

 

Вінаваты пракурор?
Вінаваты пракурор?
Вінаваты пракурор?
Вінаваты пракурор?
Вінаваты пракурор?
Вінаваты пракурор?
Вінаваты пракурор?
Вінаваты пракурор?
Вінаваты пракурор?

Навіны па тэме