Традыцыя, спёка, калонкі і не толькі…

07.08.2017, 15:17  |  Блог Таццяны Севярынец, Грамадства

Традыцыя, спёка, калонкі і не толькі…

 

Ёсць у нас сямейная традыцыя: прыбіраць там, дзе адпачываем на прыродзе. За сабой зразумела, але і проста прыбіраць месца агульнага адпачынку. І гэта павялося даўно. Далучаем да яе і сябраў БХД, і іншых.

Тыдні са два таму былі з унучыкамі на Віцебскім вадасховішчы, куды любяць збірацца ў добрае надвор’е віцебляне. Быццам бы нешта ёсць тут, каб адпачынак быў утульным і бяспечным, але, на жаль, як заўсёды болей за гэта хапае смецця і бруду, які пакідаюць пасля сябе бесклапотныя адпачывальшчыкі: балоны з-пад піва, пластыкавы аднаразавы посуд, процьма сурвэтак, пакетаў і пакецікаў.

Бачылі тады і такое: прыехала сям’я на аўто, разлажыліся-расклаліся на беразе, паелі-папілі, выгулялі брахлівага сабачку, сабраліся і паехалі, пакінуўшы пасля сябе раскіданыя ашметкі піру.

Вось і выбраліся мы прыбраць за такімі адпачываючымі - карона не зваліцца, а каму, магчыма, і стане прыкладам, бо пакідаць пасля сябе смецце непрыгожа, не па-людску. Людзей шмат, хто машынай, хто роварам, а хто і пешкі, малымі і вялікімі кампаніямі. Нехта глядзіць са здзіўленнем, нехта пачынае хуценька вакол сябе збіраць смецце, кідаюць нам у пакеты, просім ветліва пасля сябе смецце не пакідаць - абяцаюць. Нейкі маладзён, прыкончыўшы піва з гарла, змінае балон, кідае праз плячо. Сусед, заўважыўшы нацэлены на гэта аб’ектыў, падскоквае, хапае балон, сварыцца на сябра за такі непрыгожы ўчынак і крычыць нам, што абавязкова за сабой прыбяруць… Было б добра. Сметніц тут няма. Знаходзім нешта на яе падобнае, ужо іржавае, складваем вакол пакеты са смеццем. Таварышы адказныя за санітарны стан пляжнага месца, ці бываеце вы тут? Нехта ж вывязе гэныя пакеты? (Чакайце нас у гарадской санстанцыі са скаргай і прапановай…)

На водасховішча вырашылі ісці пешкі. Ад Білева-2 далекавата: мікрараён, гарохавае поле, забудовы спецкамбінату, выспай - прыватны сектар з прыгожымі нятаннымі сядзібамі. Сонца паліць неміласэрна, выратоўвае вадзічка, што ўзялі з сабой, але па дарозе разумеем, што гэтага мала і трэба было б падзаправіцца. У прыватным сектары бачым калонкі. Адна, другая, трэцяя- марныя спадзяванні - не працуюць. Чаму? На вулачках мінакоў шмат. Усе крочаць да вады. Як і мы, кідаюцца да калонак, клацнуўшы колькі разоў рычагом, расчаравана адыходзяць. І раптам цуд: адна калонка працуе! Якая палёгка!

Вярталіся мы пасля прыборкі менавіта вуліцай з працуючай калонкай, бо не жартам дапякала сонца, пагражала цеплавым ударам. І падумалася: вось ва ўсім праблемы ў Віцебску. Выйшаў ты з дому і павінен сам паклапаціцца аб уласнай бяспецы, камфорце. Ты можаш весела крочыць па дарожцы, а яна ў цябе раз! - і скончылася пад нагамі. Да наступнай літаральна 1,5-2 метра, але іх трэба неяк пераадолець. Прыкладам падчас дажджу, пасля яго, як снег сыдзе, і ўсе пратаптаныя дарожкі ў Віцебску пераўтвараюцца ў багну. А вось скончылася, а хто недарабіў і чаму -невырашанае пытанне. Так і тут, на вуліцах гэтага сектару з прыгожымі дамамі калонкі ёсць, але іх няма. Хто, навошта адключыў, зачыніў, пазбавіў людзей магчымасці папіць вады ў спёку, асвяжыцца? Няўжо вадаканал на ўсе калонкі ў Віцебскай вобласці налажыў лапу? І бясплатна папіць вады мінаку зараз немагчыма?

У эўразвязаўскай Вільні пасажырам грамадскага транспарту ў спёку бясплатна раздаюць ваду. Нават зайцам (Кантралёры усміхаюцца, што калі вось так да чалавека паставіцца, яму наступны раз будзе сорамна ехаць, не аплаціўшы праезд. Да слова,у Беларусі ж вырашана, каб зайцоў лепш выкрываць, кантралёры будуць устрайваць аблогі без апазнавальных знакаў. Ужо ёсць прыклады мардабіцця).

Стаўленне улады да людзей грэблівае, падазронае, непаважлівае. Адсюль і нашая недакладнасць, няўдзячнасць да таго, што даў нам Госпад - найпрыгажэйшую ў свеце краіну. Хто разумее адказнасць за гэты ДАР, станавіцеся побач!

Таццяна Севярынец, БХД

 

Традыцыя, спёка, калонкі і не толькі…
Традыцыя, спёка, калонкі і не толькі…
Традыцыя, спёка, калонкі і не толькі…
Традыцыя, спёка, калонкі і не толькі…
Традыцыя, спёка, калонкі і не толькі…
Традыцыя, спёка, калонкі і не толькі…
Традыцыя, спёка, калонкі і не толькі…
Традыцыя, спёка, калонкі і не толькі…

Навіны па тэме