Беларуская Хрысціянска-Дэмакратычная Партыя, Хрысціянска-Дэмакратычны Выбар і Маладзёжны Хрысціянска-Сацыяльны Саюз

23.08.2017, 10:26  |  Навіны » Грамадства

Беларуская Хрысціянска-Дэмакратычная Партыя, Хрысціянска-Дэмакратычны Выбар і Маладзёжны Хрысціянска-Сацыяльны Саюз

 

У 1993 годзе БХДЗ напаткаў крызіс. Кіраўніцтва партыі падтрымала палітычны праект старшыні БСДГ Міхася Ткачова “Новая Беларусь” – спробу з’яднаць дэмакратычныя сілы (сацыял-дэмакратаў, лібералаў, нацыянал-дэмакратаў, хадэкаў) па-за БНФ. Але значная частка БХДЗ, якая заставалася сябрамі шырокага Народнага фронту, выступіла супраць. Адбыўся раскол, у выніку якога ўтварыліся дзве невялікія партыі – БХДЗ з усечаным кіраўніцтвам і Беларуская Хрысціянска-Дэмакратычная Партыя пад уплывам БНФ. Значная частка сябраў БХДЗ, у тым ліку і некаторыя сустаршыні, проста сышла з палітычнай дзейнасці.

БХДЗ узначаліў Міхась Арэшкаў, ягоным намеснікам стаў Пятро Сілка, затым ён змяніў Міхася Арэшкава на пасадзе кіраўніка.

Канферэнцыя БХДП прайшла ў Менску ў 1994 годзе. Старшынём партыі быў выбраны гісторык, філосаф Мікалай Крукоўскі, ягонымі намеснікамі сталі заступнік старшыні БНФ Юрый Хадыка і актывістка жаночага руху Людміла Пеціна. З дапамогай Фронту БХДП стварыла рэгіянальныя аддзяленні ў большасці вялікіх гарадоў Беларусі, шэраг сябраў БХДП былі выбраныя дэпутатамі мясцовых саветаў (напрыклад, Хрыстафор Жэляпаў і Міхась Шлык у Віцебску).

У 1995 годзе, якраз “пад выбары” ў Вярхоўны Савет 13-га склікання, паўстаў яшчэ адзін беларускі хрысціянска-дэмакратычны праект – “Хрысціянска-Дэмакратычны Выбар”. Валер Сарока, адзін са следчых па нашумелай “віцебскай справе”, адсядзеў у турме, стаў бізнэсоўцам, напісаў некалькі дэтэктываў – і вырашыў укласціся ў палітычную партыю. Паводле праграмных дакумантаў, ХДВ ставіла сабе за мэту абароны прадпрымальніцтва, стварэнне багатага сярэдняга класу і ператварэнне грамадства на аснове хрысціянскіх каштоўнасцяў. ХДВ правяла устаноўчы сход 31 студзеня 1995 года, была зарэгістраваная 21 красавіка 1995 года і пасля няўдалых выбараў практычна спыніла дзейнасць.

У другой палове 1990-х хрысціянска-дэмакратычную партыю паспрабаваў стварыць кіраўнік фонду “Дзецям Чарнобыля” Генадзь Грушавы. Маючы моцныя сувязі з хрысціянска-дэмакратычнымі партыямі Еўропы (найперш нямецкімі ХДС-ХСС і італьянскімі хадэкамі, якія падтрымлівалі гуманітарныя праекты), а таксама разгалінаваную сетку прадстаўніцтваў у рэгіёнах (да 500 тысячаў беларускіх дзяцей дзякуючы працы фонда Грушавога, выязджалі на аздараўленне ў еўрапейскія краіны), ён разлічваў арганізаваць глыбока ўкарэненую “народную хадэцыю”.

Для пачатку у 1997 годзе Генадзь Грушавы ініцыяваў заснаванне маладзёвай арганізацыі Маладзёжны Хрысціянска-Сацыяльны Саюз (зарэгістраваны як грамадская арганізацыя ў тым жа годзе). Узначаліў МХСС Кірыл Ігнацік, сябрамі МХСС былі заўважныя асобы: палітолаг, рэдактар часопіса “Палітычная сфера” Андрэй Казакевіч, Алесь Шумкевіч, Віталь Рымашэўскі.

Але ў 1998-1999 гадах рэжым праз сфабрыкаваныя крымінальныя справы і ціск разбурыў структуры фонду Грушавога. Спроба зноў засталася спробай.

Ніводная з хрысціянска-дэмакратычных партыяў 1990-х у 1999 годзе не прайшла перарэгістрацыю; ўсе структуры ўжо спынілі дзейнасць.

Такім чынам, спробы аднавіць у Беларусі масавую хрысціянска-дэмакратычную партыю ў 1990-х так і засталіся спробамі: стратэгія “заняцця палітычнай нішы” не спрацоўвала.

Але ідэя па-ранейшаму лунала ў паветры.

З кнігі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя: 1917 - 2017"

 

Працяг будзе

Навіны па тэме