Самы папулярны сайт Смаленска напісаў, што Севярынец рыхтуе правакацыю ў Расіі

23.08.2017, 09:33  |  Галоўныя навіны, Палітыка

Самы папулярны сайт Смаленска напісаў, што Севярынец рыхтуе правакацыю ў Расіі

 

Выданне readovka.ru прысвяціла вялікі артыкул «Маладому фронту», а таксама яго заснавальніку Паўлу Севярынцу. «Беларускія радыкалы рыхтуюць правакацыю ў Смаленску?» — такім пытаннем задаецца партал.

Сайт называе арганізацыю чамусьці «Млады фронт» і лічыць, што яны ідэалагічна блізкія да «Правага сектара». Аўтар матэрыяла хаваецца пад выкшталцоным псеўданімам Плацак Запецак.

Што сталася прычынай для напісання артыкула? Абвестка ў фэйсбуку Паўла Севярынца, што 23 жніўня рыхтуецца паездка ў Катынь. Беларусы штогод ладзяць выправы ў Катынь у гэты дзень, гадавіну падпісання пакта Молатава-Рыбентропа, каб ушанаваць памяць палеглых там афіцэраў. Сярод іх было нямала этнічных беларусаў.

«Севярынец — асоба ў Беларусі вядомая: ён з’яўляецца непрымірымым апазыцыянерам, менавіта ён быў арганізатарам вулічных акцый пратэсту ў Мінску ў 1997-2004 гадах, у 2014-м актыўна падтрымліваў ўкраінскі майдан, а ў пачатку гэтага года фактычна ўзначаліў акцыю пратэсту ў Курапатах пад Мінскам. Севярынец часцяком адкрыта заклікае да змены ўлады ў рэспубліцы, ён неаднаразова прыцягваўся да адказнасці за супрацьпраўныя дзеянні і затрымліваўся КДБ Беларусі; у сукупнасці пад арыштам ён правёў каля 5 гадоў», — вось такія амаль даведкавыя звесткі друкуе выданне.

Адзначаецца, што ідэалогіяй «Маладога фронта» з’яўляецца ваяўнічы нацыяналізм, які пераходзіць у нацызм.

«Запланаваная паездка — чарговая антырасійская акцыя, якая перакрэслівае савецкі перыяд і якая ставіць знак роўнасці паміж СССР і нацысцкай Германіяй, што, па сутнасці, з'яўляецца пераглядам вынікаў Другой сусветнай», — лічыць readovka.ru.

Сайт адзначае, што ў 2014 расійская паліцыя не дала беларускім нацыяналістам зладзіць правакацыю ў Катыні. Аднак на гэты раз можа быць што заўгодна.

Сам Павел Севярынец кажа, што не збіраецца ехаць у Катынь, на гэты дзень у яго іншыя планы.

Выданне readovka.ru з’яўляецца самым наведвальным сайтам Смаленскай вобласці.

Зміцер Панкавец, Наша Ніва

 

 

Навіны па тэме