Два гады таму загінуў Алесь Чаркашын

28.08.2017, 09:14  |  Навіны » Грамадства

Два гады таму загінуў Алесь Чаркашын

 

Два гады таму загінуў Алесь Чаркашын – кіраўнік Берасцейскай гарадской арганізацыі Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі ў 2009-2013 гадах, капэлан беларускіх дабраахвотнікаў ва Ўкраіне у 2014-15 гг. Быў цяжка паранены ў баі пад Старагнатаўкай, памёр ад ранаў у шпіталі ў Запарожжы 28 жніўня 2015 года.

 

Нарадзіўся  Алесь 27 верасня 1982 года ў Брэсце ў сям’і Мікалая Аляксандравіча і Святланы Мікалаеўны Чаркашыных.

Удзельнічаў у дзейнасці маладзёвага руху “Зубр” і спартова-патрыятычнай арганізацыі “Край”.

З 2009 года ў БХД. Прайшоў шлях ад шараговага актывіста да кіраўніка гарадской арганізацыі партыі, быў актыўным удзельнікам усіх палітычных кампаніяў БХД гэтага перыяду. Быў сябрам Нацыянальнай рады, удзельнічаў у футбольнай камандзе Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі.

Увосень 2013 года правёў у Берасці вядомы пэрфоманс – выйшаў у адзенні прарока з рукамі ў чырвонай фарбе да будынку  гарвыканкама і папярэдзіў уладу, каб перастала весці вайну супраць уласнага народа.

З 2014 года навучаўся ў Таўрыйскім хрысціянскім універсітэце. Паралельна з вучобай далучыўся да тактычнай групы “Беларусь” у складзе Дабравольчага Украінскага Корпуса “Правага сектара”.

Падняў над умацаваннямі ў Песках, дзе адбываліся асабліва жорсткія баі, нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг.

Як уцаркоўлены вернік пратэстанцкай царквы, стаў капеланам беларускіх дабраахвотнікаў. Вёў агульныя малітвы. Аказваў першую медычную дапамогу. Не развітваўся з Бібліяй.

Займаўся музыкай – граў на гітары спевы ўласнага сачынення, а таксама на словы Ларысы Геніюш.

Аддаў жыццё за свабоду Украіны і Беларусі. На 33-цім годзе, ва ўзросце Хрыста, быў цяжка паранены ў баі пад Старагнатаўкай 10.08.2015. Памёр ад ранаў у шпіталі ў Запарожжы 28.08.2015.

Пахаванне Алеся Чаркашына ператварылася ў сапраўдную маніфестацыю. Увосені 2016 года на магіле Алеся Чаркашына ў Камяніцы-Жыравецкай на сабраныя па ўсёй краіне сродкі быў усталяваны помнік.

 

 

Павел Севярынец

Навіны па тэме