Аргкамітэт у 2005-2006 гадах

04 верасня 2017 12:47  |  Грамадства

Аргкамітэт у 2005-2006 гадах

 

Паводле пагаднення паміж маладафронтаўцамі і “евангельскімі дэмакратамі”, колькасць сустаршыняў аргкамітэту ў пачатку 2005 года пашырылася да шасці: імі сталі Мікола Арцюхоў, Аляксей Шэін, Павел Севярынец, Георгій Салаўёў, Георгій Змітрук і Анатоль Астапенка. Акрамя таго, да працэсу аднаўлення БХД на розных этапах далучаліся адзін з лідэраў беларускага вулічнага руху Вячаслаў Сіўчык, філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч, пісьменнік Алесь Белы, а таксама колішні маладафронтавец, арганізатар праваслаўнага брацтва Кастуся Астрожскага, Віталь Рымашэўскі.

Першыя буклеты аргкамітэту, праекты сімволікі, базы звестак былі распрацаваныя ўвесну 2005 года.

Да сярэдзіны 2005 году аргкамітэт БХД распрацаваў уласны праект праграмы. У ягонай аснове ляжала маладафронтаўская прапанова для БНФ, дапоўненая праўкамі новых сябраў. У праекце падкрэслівалася пераемнасць сучаснай хадэцыі як ад уладароў-хрысціянаў Полацка ды ВКЛ, так і ад дзеячаў міжваеннай Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі, сцвярджаўся новы кшталт палітыкі, заснаванай на біблейскіх прынцыпах, і давалася разгорнутая, на 14 старонак, праграма палітычных, эканамічных і сацыяльных ператварэнняў для Беларусі.

Сёння, на пачатку ІІІ тысячагоддзя ад нараджэння Хрыста, Беларусь востра патрабуе палітычнай сілы, дзейнасць якой заснаваная на падмурку хрысціянскіх каштоўнасцяў, дэмакратычных прынцыпаў і беларускага патрыятызму. Такой новай сілай павінная стаць партыя Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя. (…) Партыя БХД ажыццяўляе дактрыну сучаснай хрысціянскай дэмакратыі ў Беларусі. Яна адстойвае правы і свабоды чалавека, стаіць на пазіцыі адраджэння нацыянальнай свядомасці, змагаецца за незалежнасць беларускай дзяржавы. Хрысціянская дэмакратыя для нас – гэта прыўнясенне хрысціянскіх маральных каштоўнасцяў у палітыку на ўсіх яе ўзроўнях. (…)  БХД імкнецца з’яднаць беларускі народ вакол свабоды і дэмакратыі, дзяржаўнасці і суверэнітэту, рынкавай эканомікі і правоў чалавека і нацыі на цвёрдым грунце сутнасна хрысціянскіх каштоўнасцяў і хрысціянскіх традыцыяў”, – такі кшталт хадэцыі фармулявала першая праграма Аргкамітэту БХД.

У траўні 2005 года мяне асудзілі за арганізацыю мірнай  акцыі пратэсту супраць змены канстытуцыі (паводле якіх Лукашэнка атрымаў магчымасць захоўваць за сабой пасаду прэзідэнта бясконца), і на 2 гады накіравалі на лесанарыхтоўкі ў вёску Малое Сітна на мяжы з Расеяй. Адной з прычынаў такога прысуду, відавочна, было жаданне ўладаў разбурыць дзейнасць аргкамітэту – але схема сустаршынства дазволіла без перашкодаў працягваць партыйнае будаўніцтва. Аляксей Шэін навязваў міжнародныя кантакты, займаўся інфармацыйнай сферай і дбаў пра матэрыяльнае забеспячэнне працы, Мікалай Арцюхоў вёў працу сярод каталіцкіх актывістаў, Георгій Салаўёў і Георгій Зьмітрук навязвалі стасункі з пратэстанцкімі цэрквамі, Анатоль Астапенка – з праваслаўнымі. Значную ролю пачалі адыгрываць таксама выдатны арганізатар Віталь Рымашэўскі (урэшце ён замяніў на пасадзе сустаршыні Анатоля Астапенку) і моцны мэнэджар Дзяніс Садоўскі з царквы “Ян Прадвеснік”.

З кнігі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя: 1917 – 2017”

 

Працяг будзе

Болей навін