6 верасня нарадзіўся Мікола Дварэцкі

06 верасня 2017 13:52  |  Грамадства

 

Мікола Дварэцкі (псеўданім Мікола Базылюк) — беларускі паэт і віцэ-старшыня БХД.

Мікалай Васілевіч Дварэцкі нарадзіўся 6 верасня 1903 у мястэчку Іказнь Дзісенскага павета Віленскай губерні (цяпер Браслаўскі р-н Віцебскай вобласці) ў праваслаўнай сям’і Васіля і Мар’яны Дварэцкіх. Быў наймалодшым з дзевяці дзяцей браслаўскага рыбака.

Скончыў царкоўна-прыхадскую школу, вучыўся на шаўца, адкрыў у Іказні ўласную майстэрню.

Пасля 1-й сусветнай вайны сям’я Міколы Дварэцкага вярнулася з бежанства ў Беларусь. Вучыўся ў 7-гадовай школе ў Вільні. Пасля заканчэння школы працаваў краўцом, потым рыбаком на Віленскіх і Аўгустоўскіх азёрах.

Пасля падзелу Беларусі паміж Польшчай і СССР Дварэцкі ўключаецца ў беларускае жыццё. Пад уплывам ксяндза Адама Станкевіча ён становіцца сябрам Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі. Ужо ў 1922, падчас выбараў у парламент, Мікола дапамагае Беларускаму выбарчаму камітэту на Браслаўшчыне. Публікуе свае вершы ў беларускіх газетах, піша артыкулы. Праз чатыры гады ён узначальвае суполку Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры.

У роднай Іказні Дварэцкі сабраў багатую беларускую бібліятэку. Некалькі разоў яе канфіскоўвала польская паліцыя, але за кожным разам ён рупліва яе аднаўляў.

За прапаганду беларускіх кніг і газет ён двойчы сядзеў у Лукішскай турме.

Мікола Дварэцкі быў актыўным дзеячом Беларускай хрысціянскай дэмакратыі (БХД). 25 лістапада 1928 у Вільні адбыўся з’езд Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. 25-гадовы Дварэцкі ўвайшоў у склад Цэнтральнага камітэта партыі і стаў намеснікам сакратара Яна Пазняка. Па сваіх поглядах М.Дварэцкі быў антыкамуністам. Калі на сувязь з БХД выйшла Камуністычная партыя Заходняй Беларусі, ён пераконваў калегаў, што з КПЗБ нельга мець нічога супольнага, бо яна цалкам залежыць ад Масквы.

На пачатку 1930-х  быў адзін з ініцыятараў утварэння і кіраўніком праваслаўнай фракцыі БХД. Актыўна супрацоўнічаў з Беларускім інстытутам гаспадаркі і культуры. Друкаваўся ў заходне-беларускіх, пераважна хадэцкіх, перыядычных выданнях (з 1921) пад псеўданімам Мікола Базылюк.  

За сваю палітычную дзейнасць у 1928 годзе Мікола Дварэцкі неаднаразова арыштоўваўся польскімі ўладамі.

Пісаць пачаў з 1920-га году і на працягу 20-х – 30-х гадоў друкаваўся ў беларускай прэсе як паэт і празаік.

У 1939 – 1941 Мікола Дварэцкі настаўчае у Мёрах (цяпер райцэнтр Віцебскай вобл.). Яму дазваляюць арганізаваць беларускую школу пад Браславам, ён робіцца яе дырэктарам. Але хутка камуністы ператвараюць школу ў расійскую. М. Дварэцкі  займаецца садоўніцтвам і пчалярствам.

У чэрвені 1941, з пачаткам вайны, у Іказні ўтварылася самаабвешчаная польская паліцыя. М. Дварэцкага па даносу схапілі як «камуніста» і ўжо вялі на расстрэл. Але за Міколу заступаецца браслаўскі стараста. Дварэцкага не толькі вызваляюць, але і прызначаюць войтам Мёраў.

У 1942 адпраўлены немцамі на прымусовыя работы ва Усходнюю Прусію.

У лютым 1945 на тэрыторыі Нямеччыны, занятай Чырвонай Арміяй, пачалася прымусовая рэпатрыяцыя савецкіх грамадзян «на радзіму».

З сотнямі вязняў-беларусаў Дварэцкага садзяць у цягнік на Усход. Былому войту Мёраў пагражае расстрэл. Але яму ўдаецца ўцячы з цягніка. Ён апынаецца на захадзе Польшчы, на былых нямецкіх землях. У ваколіцы Штутава, на балтыйскім узбярэжжы, ён знаходзіць закінутую хату,  дзе прапісвацца ў гміну. Цяпер яго завуць Мікалай Дважэцкі, месцам нараджэння ён запісвае Выбарг.

Тры наступныя гады Дварэцкі жыве адзін. У 1948, праз абвестку ў газеце, яго знаходзіць каханая з Браслаўшчыны — Вера Шук. Праз год у іх нараджаецца дачка Галіна, а ў 1952 — сын Юрка.

Некаторы час М. Дварэцкі працаваў на чыгунцы ў Гданьскай павятовай дарожнай управе ў мясцовасці Штутава. Пасля вайны жыў у Польшчы, на Узбярэжжы. З 1956 году друкаваў вершы і карэспандэнцыі ў беластоцкай «Ніве».

Апошнія гады жыцця правёў у Лембарку непадалёку ад Гданьска.

Самай блізкай асобай, якой Мікола Дварэцкі бязмежна давяраў, быў яго стрыечны брат Язэп, які жыў у Калабжэгу. Свой сум Мікола выліваў у лістах да яго: «Ты адзін, каму я магу пісаць на роднай мове. Гляджу я на бібліятэку: столькі кніжак! Але хто іх будзе чытаць пасля маёй смерці? Былі прычыны, што ані сын, ані дачка, не пайшлі слядамі бацькоў…»

Перад смерцю, калі Дварэцкі ўжо не мог размаўляць, ён папрасіў знакам у дачкі паперу і асадку ды з цяжкасцю накрэмзаў: «Я праваслаўны».

15 жніўня 1988 Мікола Дварэцкі памёр. Пахаваны ў Лембарку.

 

Анатоль Астапенка

Болей навін