Устаноўчы З’езд БХД 28 лютага 2009 года

13 верасня 2017 10:46  |  Грамадства

Устаноўчы З’езд БХД 28 лютага 2009 года

 

Восенню 2008 года Аргкамітэт БХД прыняў рашэнне – правесці ў пачатку 2009 года паўнавартасны з’езд і падаць дакуманты на рэгістрацыю партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” у Міністэрства юстыцыі.

Трэба сказаць, што ва ўмовах рэжыму Лукашэнкі сабраць больш як 1000 чалавек, гатовых адкрыта падтрымаць стварэнне незалежнай дэмакратычнай партыі, было сапраўдным выклікам. Ніводная палітычная партыя за гэты час не была зарэгістраваная. Нават легальныя, дазволеныя апазіцыйныя партыі налічвалі па некалькі соцень чалавек актыву. Правядзенне сустрэчаў на месцах часта заканчвалася арыштамі.

Тым ня менш, у студзені-лютым 2009 года ў больш чым 50-ці гарадах і мястэчках Беларусі прайшлі партыйныя сустрэчы і сходы заснавальнікаў БХД. У выніку кампаніі рэгістрацыі колькасць сябраў Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі дасягнула звыш 1100 чалавек. Былі падрыхтаваныя ўсе неабходныя дакуманты, і 28 лютага 2009 года ў Палацы культуры Менскага трактарнага завода адчыніўся ўстаноўчы з’езд адноўленай БХД.

Трэба адзначыць, што памяшканне ўлады далі літаральна за некалькі дзён да з’езду пад ціскам грамадскасці і міжнароднай супольнасці – інакш хадэкі гатовы былі правесці устаноўчы сход на Кастрычніцкай плошчы ў цэнтры Менску. Раніцай 28 лютага многіх дэлегатаў з рэгіёнаў затрымлівалі ў дарозе, каб сарваць кворум.

Але ўрэшце да 11-й гадзіны 204 дэлегаты і больш як 400 сябраў ды прыхільнікаў БХД, а таксама запрошаных гасцей запоўнілі вялікую залю, аздобленую  бел-чырвона-белымі сцягамі Хрыста і бэтлеемскімі зоркамі (сімвалам партыі). Як сведчылі назіральнікі, такая колькасць людзей не збіралася на партыйныя з’езды з часоў росвіту Беларускага Народнага Фронту ў 1990-ых. Панаваў дух натхнення. Было вельмі шмат моладзі, вернікаў розных цэркваў. Прысутнічалі святары розных канфесій, амбасадары ЗША, Польшчы, Велікабрытаніі ды іншых краінаў.

Распачалі з’езд малітва “Ойча наш” і  спеўны гімн “Магутны Божа”. Сярод ганаровых гасцей выступілі былыя старшыні Вярхоўнага савета Беларусі Станіслаў Шушкевіч і Мечыслаў Грыб, кандыдаты ў прэзідэнты 2006 года Аляксандр Мілінкевіч і Аляксандр Казулін, кіраўнік БНФ Лявон Баршчэўскі, лідэр БСДП НГ Мікалай Статкевіч, старшыня АГП Анатоль Лябедзька, кіраўнік Маладога Фронту Зміцер Дашкевіч, пісьменнік Уладзімір Някляеў, акадэмік Радзім Гарэцкі ды іншыя.

На з’ездзе былі зацверджаныя Праграма і Статут БХД, партыйная сімволіка (бэтлеемская зорка на бел-чырвона-белым сцягу) – і выбраны чатыры сустаршыні (Георгій Дзмітрук, Віталь Рымашэўскі, Павел Севярынец і Аляксей Шэін), а таксама 71 сябра Нацыянальнай Рады.

Газета “Наша Ніва” выйшла пасля з’езду з уражвальным фотаздымкам шматлюднай залі і перадавіцай пад лозунгам : “Ёсць такая партыя!”

Такім чынам, першы этап аднаўлення БХД ў ХХІ стагоддзі завершыўся.

З кнігі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя: 1917 – 2017”

Працяг будзе

 

Болей навін