Адміністрацыю Кастрычніцкага раёна Менска злавілі на хлусні?

12.09.2017, 09:44  |  Навіны » Грамадства

Адміністрацыю Кастрычніцкага раёна Менска злавілі на хлусні?

 

Намеснік старшыні Сацыяльна-хрысціянскага руху Максім Гацак сцвярджае, што злавіў на хлусні прадстаўнікоў Адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Менска.
Усё пачалося з таго, што напачатку ліпеня ў двары паміж вуліцамі Кірава, Бабруйская, Ленінградская і Міхайлаўскі сквер нечакана пачалася высечка дрэваў. У сувязі з гэтым 11 ліпеня Максім Гацак даслаў звароты ў Менгарвыканкам, Менскзелянбуд і Адміністрацыю Кастрычніцкага раёна з просьбай патлумачыць прычыны высечкі дрэваў.

“Прывакзальная тэрыторыя ў Менску і так адна з самых забруджаных. Выкіды аміяку тут могуць перавышаць норму ў 2-4 разы. Вялікая забруджанасць тут і фармальдэгідам ды іншымі выкідамі ад аўтамабільнага ды чыгуначнага транспарту. Таму любая высечка дрэваў вельмі моцна шкодзіць экалогіі”, - адзначыў намеснік старшыні СХР, які пражывае ў азначаным двары.

У адказе ад 4 жніўня яму паведамілі, што “паміж жылымі дамамі № 3 і 5 па вуліцы Ленінградскай, № 1 па вуліцы Кірава былі выяўлены дрэвы, якія знаходзіліся ў небяспечным стане”, таму яны і былі ссечаныя.
Аднак высечка на гэтым не спынілася. Больш за тое, з’явілася інфармацыя дрэвы сякуць, каб правесці камунікацыі для будучай рэстарацыі KFC. “Таму давялося звяртацца ў Адміністрацыю зноў і наўпрост пытацца: ці не звязаная высечка з планамі адкрыцця рэстарацыі”, - паведаміў Максім Гацак, які 29 жніўня накіраваў новы зварот раённым уладам.

І тут – у адказе за 6 верасня - выявілася, што “знос аб’ектаў расліннага свету” на тэрыторыі каля дома па адрасе Кірава 1 быў зроблены ў сувязі з рэканструкцыяй памяшканняў у гэтым доме “пад памяшканні грамадскага харчавання”. “Такім чынам адныя і тыя ж дрэвы цягам двух месяцаў зносілі спачатку таму, што яны нібыта былі ў “небяспечным стане”, а потым – для рэканструкцыі памяшканняў пад рэстарацыю. Слаба верыцца ў такія супадзенні. Спадзяюся, што Камітэт дзяржкантролю дапаможа разабрацца, ці сапраўды гэта супадзенне, ці хтосьці ў раённай Адміністрацыі спачатку паспрабаваў схаваць сапраўдныя прычыны высечкі дрэваў, якія з жыхарамі двару ніхто не абмяркоўваў”, - заявіў актывіст.

“Улады абяцаюць у кастрычніку высадзіць новыя дрэвы, абяцаюць трымаць справу на кантролі, але новыя саджанцы, калі яны прыжывуцца, яшчэ не хутка здолеюць замяніць высечаныя дрэвы”, - дадаў ён.

Максім Гацак таксама паведаміў, што высечка дрэваў выклікала негатыўную рэакцыю і ў іншых жыхароў двару, якія нават стварылі адмысловую петыцыю супраць гэтага.

Навіны па тэме