Мясцовая кампанія 2010 года і Рада народных дэпутатаў

21.09.2017, 14:04  |  Навіны » Палітыка

Мясцовая кампанія 2010 года і Рада народных дэпутатаў

У лютым 2010 Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя распачала новую маштабную палітычную кампанію. Падчас “мясцовых выбараў” хадэкі вылучылі шляхам збору подпісаў больш за 200 кандыдатаў у абласныя, раённыя, гарадскія і сельскія саветы. Спіс БХД быў большы, чым у любой іншай дэмакратычнай партыі. Амаль у кожным вялікім горадзе вылучаліся па некалькі чалавек – цэлая каманда.

Найбольш паспяхова праца пайшла ў Менску, Віцебску, Гародні, Гомелі, Магілёве, Бабруйску, Воршы, Кобрыне, Баранавічах, Мастах, Мёрах, Глыбокім, Рэчыцы, Жодзіне, Паставах, Наваполацку.   Улады не рэгістравалі моцных кандыдатаў, перашкаджалі збору подпісаў ды агітацыі, фальсіфікавалі дадзеныя галасавання – але хадэцкая хваля “ад дзьвераў да дзьвераў” пракацілася па раёнах, цэрквах, вёсках, да якіх не дайшоў розгалас праз СМІ.

У выніку БХД удалося нават правесьці ў саветы скрозь сіта фальсіфікацыяў трох дэпутатаў (больш было толькі ў камуністаў) – ветэрынара Аляксея Цюлькова (Асіповіцкі райсавет), Жану Шчарбініну (Аўсянкаўскі сельсавет Горацкага раёна) і Віктара Бардзюга (Хідрынскі сельсавет Кобрынскага раёна).

А паколькі ў дзясяткаў іншых хадэкаў перамога была скрадзеная, сябры БХД абвясцілі пра стварэнне Рады народных дэпутатаў. У больш як 130 акругах сябры хрысціянскай дэмакратыі добраахвотна  ўзялі на сябе абавязкі прызначаных дэпутатаў, якія не дбалі пра людзей: дамагаліся рамонту дарогаў, мастоў і дамоў, пабудовы дзіцячых пляцовак, станцыяў ачысткі вады, абаранялі паркі і аказвалі праўную ды юрыдычную дапамогу жыхарам.

З кнігі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя: 1917 - 2017"

 

Працяг будзе

Навіны па тэме