Прэзідэнцкая кампанія 2010 года

23 верасня 2017 14:08  |  Палітыка

 

Два масавыя з’езды і моцная мясцовая кампанія стварылі ўмовы для таго, каб БХД брала на сябе ініцыятыву агулам сярод дэмакратычнай апазіцыі. Увесну 2010 года менавіта хрысціянскія дэмакраты заняліся арганізацыяй Чарнобыльскага шляху, затым выступілі з ініцыятывай вылучэння адзінага лідэра ад апазіцыі ў прэзідэнцкай кампаніі 2010 года, а потым (17 чэрвеня) сабралі большасць лідэраў апазіцыі і экспертнай супольнасці – ад Мечыслава Грыба і Уладзіміра Някляева да Міхаіла Пастухова і Аляксандра Казуліна – на вялікі круглы стол, прысвечаны фармаванню дэмакратычнага Альтэрнатыўнага ўрада.

Маючы кааліцыйныя дамовы з сябрамі Беларускага Незалежніцкага Блоку аб вылучэнні супольнага кандыдата на прэзідэнцкую кампанію, БХД вяла перамовы з Рухам “За свабоду” і Беларускім Народным Фронтам. У ліпені 2010 года гэтыя перамовы скончыліся беспаспяхова. БНБ быў паралізаваны, Аляксандр Мілінкевіч заявіў спярша пра сваё самастойнае вылучэнне, потым пра зняццё. Тады на сваім трэцім пасля аднаўлення з’ездзе 12 верасня пры ўдзеле 135 дэлегатаў беларускія хрысціянскія дэмакраты заявілі пра вылучэнне ў кампаніі 2010 года Віталя Рымашэўскага.

 Занятыя перамовамі сярод астатніх лідэраў апазіцыі, мы страцілі час для падрыхтоўкі ўласнай кампаніі. Пасля двухгадовай напружанай працы і бясконцых кампаніяў каманда партыйных арганізатараў была на мяжы знемажэння. Фінансавых рэсурсаў партыя практычна ня мела. Адзінае, што было – гэта вельмі шмат ідэйных, натхнёных людзей. У ініцыятыўную групу Віталя Рымашэўскага ўвайшло 1704 чалавекі. Найперш гэта быў касцяк Аргкамітэту 2007-2009 гадоў, моладзь і вернікі – праваслаўныя, пратэстанты, каталікі.

Збор подпісаў за вылучэнне ішоў цяжка – адыгралі ролю страх, нявер’е ў “выбары”, вялікая колькасць дэмакратычных прэтэндэнтаў. Два месяцы частка сябраў штабу жыла на офісе (здымнай кватэры ў раёне менскага вакзала), начавалі на падлозе ў спальніках. Каб забяспечыць кампанію, грошы зычылі ў сваякоў, прасілі ў вернікаў-бізнэсоўцаў, прадалі некалькі офісных  кампутараў і партыйны аўтамабіль. Дзякуючы ахвярнай працы актывістаў, шараговых хадэкаў, удалося сабраць крыху больш за патрэбны мінімум – каля 105 тысячаў подпісаў.

Зрэшты, рэжым, які вёў двайную гульню з Расеяй і Захадам, зарэгістраваў усіх прэтэндэнтаў. Агітацыя БХД ішла пад лозунгам: “Хрысціянскія прынцыпы – беларускі патрыятызм”. Найбольш шматлюднымі былі сустрэчы ў Менску, Гомелі, Віцебску, Берасці, Гародні, Бабруйску, Магілёве, Воршы, Наваградку, Слоніме, Кобрыне, Баранавічах, Полацку, Пінску,  Ашмянах, Ваўкавыску, Мазыры, Наваполацку, Лідзе, Мёрах, Рэчыцы.  Пасля паўгадзіннага выступу Віталя Рымашэўскага у жывым эфіры БТ на партыйныя тэлефоны за суткі паступілі сотні званкоў са словамі падтрымкі і пытаннем, як далучыцца да БХД.

З кнігі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя: 1917 – 2017”
Працяг будзе

Болей навін