79 гадоў таму памёр Браніслаў Туронак

19.09.2017, 15:53  |  Навіны » Грамадства

79 гадоў таму памёр Браніслаў Туронак

 

Браніслаў Туронак (22 чэрвеня 1896, фальварак Пестуны, Дзісенскі павет — 19 верасня 1938, Дукшты, Польшча) — лекар, публіцыст, беларускі грамадскі дзеяч. Бацька гісторыка Юрыя Туронка.

Браніслаў Туронак нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Навучаўся ў народнай вучэльні ў Новым Пагосце. У 1912 паступіў у віленскую гімназію, дзе вучыўся, пакуль Вільню не занялі немцы. У 1915—1916 гг. навучаўся ў Віцебскай гімназіі, затым паступіў у гімназію ў Яраслаўлі, якую скончыў у 1917.

Пасля завяршэння гімназічнай адукацыі вярнуўся на Дзісненшчыну. Тут завязаў кантакты з ксяндзом Адамам Станкевічам, праўдападобна пад яго ўплывам заняўся арганізацыяй беларускіх школаў. У 1917—1919 настаўнічаў на Дзісненшчыне ў беларускіх пачатковых школах у Більдзюгах і Новым Пагосце. У ліпені 1919 перабраўся ў Вільню.

Скончыў Віленскія беларускія настаўніцкія курсы (1919). У той жа год паступіў у Віленскі ўніверсітэт на медыцынскі факультэт. Падчас вучобы ва ўніверсітэце Браніслаў Туронак далучыўся да беларускага студэнцкага руху. Увайшоў у склад першай Управы Беларускага студэнцкага саюзу (БСС, 1921), быў адказным сакратаром месячніка «Наш шляху» (1922—1923) і газеты БХД «Крыніца” (1923—1925).

 У 1923 - у складзе новай Управы БСС, таксама абраны сакратаром Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. Пасля заканчэння ўніверсітэту (1924) і двухгадовай практыкі Б. Туронак атрымаў дыплом доктара лекарскіх навук (1926). 

У жніўні 1925 арыштаваны польскай паліцыяй як рэдактар «Крыніцы», дзе размяшчаліся матэрыялы ў абарону выкарыстання беларускай мовы ў каталіцкім касцёле. Два тыдні пра яго не было ніякіх вестак. Туронак мог быць вызвалены пад заклад 500 злотых. Ксёндз Адам Станкевіч прасіў суд зменшыць заклад, але суд павялічыў яго да 1000 злотых. Дзякуючы салідарнасці грошы былі сабраныя, і да суду Туронак знаходзіўся на свабодзе. Браніслаў Туронак быў асуджаны да 3-месячнага турэмнага зняволення.

 У 1927—1928 працаваў у віленскай клініцы. Адзін са стваральнікаў і дзеячаў Беларускага сялянскага саюзу і Беларускага Інстытуту Гаспадаркі і Культуры (з 1926). Кіраваў Віленскім аддзелам БІГіК да свайго выезду ў 1928.

 У снежні 1928 вылучаны кандыдатам ад Блоку нацыянальных меншасцяў на выбарах у польскі сейм, але пасольскага мандату не атрымаў. Займаўся папулярызацыяй аховы здароўя. Выступаў з артыкуламі па гэтай тэме ў газеце БХД «Беларуская крыніца». У 1928 ягоная праца «Гігіена ўзгадавання дзіцяці» выйшла асобнай брашурай.

У студзені 1928 ажаніўся з Марыяй Рэшаць — сястрой беларускага ксяндза і прафесара Язэпа Рэшаця. Пасля жаніцьбы пакінуў Вільню і пасяліўся ў мястэчку Дукшты, працаваў лекарам. Меў трох сыноў. Памёр 19 верасня 1938 году ў Дукштах. Сабраная ім калекцыя кніг і часопісаў згарэла ў 1944.

 

Алесь Адамковіч

Навіны па тэме