Плошча-2010. Хрысціянскія дэмакраты за кратамі

25.09.2017, 14:47  |  Навіны » Палітыка

Плошча-2010. Хрысціянскія дэмакраты за кратамі

 

Становішча перад днём “выбараў” і прызначанай на вечар 19 снежня Плошчай было напружаным. Еўропа наладжвала дыялог з рэжымам і  абяцала крэдыты ў выпадку правядзення свабодных выбараў, Расея адкрыта называла Лукашэнку здраднікам. Але за два тыдні да галасавання Лукашэнка дамовіўся з Крамлём – і стала ясна, што ўсё пройдзе, як заўжды, з масавай фальсіфікацыяй. Большасць кандыдатаў, у тым ліку і кандыдат БХД, заклікалі людзей абараніць свой выбар на Плошчы.

Вечарам 19 снежня, калі БТ ужо аб’вясціла пра “разгромную перамогу” Лукашэнкі, сотні актывістаў БХД сабраліся перад менскім вакзалам, да іх далучыліся актывісты апазіцыі, што прыехалі з рэгіёнаў – і шэсце з некалькіх тысячаў чалавек выйшла на Кастрычніцкую плошчу, запоўненую людзьмі. Пасля кароткага мітынгу дэманстранты занялі праспект. Грандыёзнае шэсце з дзясяткаў тысячаў чалавек запоўніла цэнтр Менску. У будынку  Дома Урада, дзе месціўся Цэнтрвыбаркам, былі разбітыя шкляныя дзверы. Людзі патрабавалі перамоваў з прадстаўнікамі ураду, але замест гэтага дэманстрантаў атакавалі спецпадраздзяленні. За гадзіну шматтысячная акцыя была разагнаная з ужываннем гвалту і дубінак; арыштавалі каля 700 удзельнікаў. Віталю Рымашэўскаму разбілі галаву; некалькі дзясяткаў хадэкаў, у тым ліку і я сам, апынуліся ў турмах.

Адразу пасля разгону Плошчы быў узяты штурмам офіс БХД, ператрусы і допыты пракаціліся па ўсёй краіне. Больш за 40 удзельнікаў акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў былі асуджаныя. Віталь Рымашэўскі атрымаў два гады пазбаўлення волі ўмоўна, мне давялося правесці 5 месяцаў у турме КДБ і больш за 2 гады ў спецкамендатуры ў вёсцы Куплін на Пружаншчыне.

Пакуль вязні Плошчы адбывалі тэрміны, БХД патрабавала іх вызвалення і праводзіла кампаніі ў іх падтрымку. Самай буйной была “Хваля салідарнасці” у лютым-сакавіку 2013 года: тады 33 дні запар хадэкі праводзілі марафон акцыяў салідарнасці ў больш як 30-ці гарадах Беларусі. Дарэчы, “парламенцкія выбары” 2012 года БХД байкатавала – у першую чаргу патрабуючы вызвалення палітычных зняволеных.

 

З кнігі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя: 1917 - 2017"

 

Працяг будзе

Навіны па тэме