Праграма БХД. Прыватная ўласнасць

29.09.2017, 15:39  |  Навіны » Эканоміка

Праграма БХД. Прыватная ўласнасць

 

9.4.1. Прыватная ўласнасць павінна стаць дамінуючай формай уласнасці ў эканоміцы. Гэта павінна адбыцца ў ходзе транспарэнтнай і справядлівай прыватызацыі часткі дзяржаўных прадпрыемстваў (за выключэннем тых, якія вырабляюць прадукцыю абароннага прызначэння, прадпрыемстваў чыгуначнага транспарту, трубаправодаў, газасховішчаў, прадпрыемстваў, якія здабываюць стратэгічна важную для Беларусі калійную соль, іншых вытворчасцяў, якія маюць асаблівую важнасць для краіны, прадпрыемстваў, якія вырабляюць алкагольныя напоі і тытунёвую прадукцыю).

9.4.2. БХД зыходзіць з таго, што прыватная ўласнасць з’яўляецца элементам, які забяспечвае ў рынкавай эканоміцы прыняцце гнуткіх дэцэнтралізаваных рашэнняў, асабліва ў галіне інвестыцыяў. Больш за тое, прыватная ўласнасць з’яўляецца умовай рэалізацыі свабоды індывіда. Калі ў грамадстве пануе калектыўная ўласнасць на сродкі вытворчасці, тады усталёўваецца панаванне над індывідам эканамічнай улады, якая, карыстаючыся сваёй магутнасцю, абмяжоўвае яго свабоду. У выніку індывід ў межах сацыяльнага парадку мае слабую і несамастойную пазіцыю.

9.4.3. Прыватная ўласнасць гарантуе чалавеку незалежнасць, свабоду і самастойнасць. Прыватная ўласнасць знаходзіцца, такім чынам, у цеснай сувязі з асабістай годнасцю і асабістымі правамі чалавека. Прыватная ўласнасць служыць выразнаму вылучэнню і размежаванню кампетэнцыяў і сфер адказнасці ў эканоміцы. Яна адпавядае патрэбнасці чалавека ў бяспецы і клопаце, што перадусім мае значэнне для сям’і.

9.4.4. Для ладу, заснаванага на прыватнай уласнасці, характэрны актыўны эканамічны абмен, які злучае адну з адной галіны эканомікі і народы на мірнай і добраахвотнай аснове, а не афіцыйна праз службовых асоб. Прыватная ўласнасць дае магчымасць людзям рабіць дабро іншым, самааддана дапамагаючы ім. Дзяржаўная апека дзейнічае халодна і абыякава. У той час як прыватная ўласнасць служыць выразнай дыферэнцыяцыі кампетэнцыяў і сфер адказнасці ў эканоміцы, агульнасць маёмасці вядзе да беспарадку і няяснасці. Пры магутным апараце кіравання вытворчасцю сучаснай эканомікі агульнасць маёмасці азначае перадусім велізарную канцэнтрацыю ўлады, якая можа выклікаць непераадольныя спакусы злоўжывання уладай.

 

З Праграмы Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі "Народная партыя з хрысціянскім сэрцам", прынятай у Менску 13 чэрвеня 2015 года

Навіны па тэме