“Государевы” слугі - ой, блін!

28.09.2017, 08:37  |  Блог Таццяны Севярынец, Грамадства, Культура

“Государевы” слугі - ой, блін!

 

Неяк пачула расповед маладой жанчыны, як на настаўніцкім паседжанні метадыст наракала: “Мы не маем права абмяркоўваць словы нашага міністра, мы – слугі гасударевы…” Учора зноўку пачула гэтае азначэнне.

Прыйшлі мы ў Віцебскі гарвыканкам запісацца на прыём да якога чына па пытаннях, што назапасілася шмат за кароткі час. Бывае, электронны запыт адправім, а тут проста навала, колькі ўзнікла тых пытанняў. Размаўляем з загадчыкам аддзела па зваротах Вераб’ёвым Уладзімірам Анатольевічам. Дарэчы, заўсёды выслухае, падзеліцца сваімі ўражаннямі, паразважае. І раптам: “Мы ж государевы слугі...” - “Хто-хто? Не, шаноўны, вы не государев слуга, а слуга народа!”…

Тут сабака, як кажуць, і парыта…

З дуба рухнуўшы, Віцебскі ЖКГ абвяшчае тэндар на (!) пад-рых-тоў-ку мес-ца пад помнік кн. Вользе больш як за 500 тысяч даляраў.

Па-першае, толькі на падрыхтоўку месца, па-другое, кн. Вольга аніякага дачынення да старажытнага Віцебска не мае!

Ну, мала па Віцебску сумнеўнай каштоўнасці скульптурных бязглуздзіц паналяпілі, час ад часу падаючы з таго дуба?! (Нешта глядзіце самі на фота).

Грошай няма ні на што патрэбнае. Але грошы ёсць!

Грошы ёсць у аблвыканкама на жамчужнага колеру куханькі і спаленкі, ёсць грошы ў гарвыканкаме на замену добрых дзвярэй на мадэрновыя, ёсць грошы на помнік сям’і з Расеі, на залатую рыбку, нават на Хатабыча, на парасончыкі, паравозікі, карэты, загадкавую пару на вакзале, галаваногаў каля Знешэканомбанку, бетонавую садавіну і г д. Ну, глянуў які турыст на ўсё гэтае ўбогае віцебскае ўпрыгожванне - сімвал благога густу, і захацеў у прыбіральню бясплатную, што ў самым цэнтры горада, у парку Партызанскай славы, і капец!.. Макет прыбіральні Віцебскага ічу.

Доўга яшчэ водар той прыбіральні будзе з госця ванітамі выходзіць, а Віцебск ён наступны раз аб’едзе колам, бо, дарэчы, і на тым жа вакзале пасля капітальнага рамонту платная прыбіральня па водары мала чым адрозніваецца.

“Государевым” слугам на гэта пляваць, жывуць сабе, жыруюць, на куханьках тых кофій пацягваюць, у спаленках бясплатных варочаюцца з боку на бок ды сняць, з чаго б гэта яшчэ пажывіцца. “Государь” жа раз на год бывае, ды й то наскокам.

Спадар Вераб’ёў ужо добра ведае нашу заўсёдашнюю напаміналку пра слуг народа, таму хуценька пагадзіўся з папраўкай, апусціўшы вочы долу, ды запісаў нас на прыём да намесніка старшыні гарвыканкаму на 4-га кастрычніка, бо прыём слугамі народа прадстаўнікоў народа-гаспадара - толькі раз на месяц. Астатні час рэпу чэшуць, як гэта сябе, любімых, яшчэ чым пацешыць, засядаюць і ўсё нешта вырашаюць. Толькі чамусьці нам з вамі ад гэтага аніяк не лепшае, бо пагадзіліся з такім стаўляннем да сябе – грэблівым і непаважлівым.

Дык дарагія віцябляне, кожны сябе адчуйце нарэшце ГАСПАДАРОМ!

Сканчваецца кадэнцыя дэпутатаў мясцовых Саветаў. Спытайма, як яны служылі сваім выбарцам? Кожны можа знайсці “свайго” дэпутата на сайце гарвыканкама. Там і тэлефончыкі пазначаны. Напрыклад, па маёй акрузе гэта Казак Дзмітрый Васільевіч, тэл. (80212) 293501.

Тут ужо няважна, выбіралі асабіста вы ці не. Пагадзіліся дэпутаты на прызначэнне, няхай справаздачацца!

Такія вось бліны. З “государевымі” слугамі.

Таццяна Севярынец

 

 

“Государевы” слугі - ой, блін!
“Государевы” слугі - ой, блін!
“Государевы” слугі - ой, блін!
“Государевы” слугі - ой, блін!
“Государевы” слугі - ой, блін!

Навіны па тэме