133 гады таму нарадзіўся Баляслаў Пачопка

13.10.2017, 11:46  |  Навіны » Грамадства

133 гады таму нарадзіўся Баляслаў Пачопка

 

Баляслаў Пачопка - каталіцкі святар усходняга (візантыйскага) абраду, настаўнік і рэлігійны публіцыст, рэдактар і выдавец першай беларускай каталіцкай газеты “Беларус”, дырэктар Свіслацкай беларускай настаўніцкай семінарыі, хрысціянскі дэмакрат.

Баляслаў Антонавіч Пачопка (Пачобка) нарадзіўся 13 кастрычніка 1884 у засценку Уляны Рукойненскай гміны Віленскага павету ў незаможнай сялянскай каталіцкай сям’і Антона Пачопкі і Ганны з роду Гайдукевічаў, у якіх было пяць дзяцей.. 

З малых гадоў любіў прыслугоўваць міністрантам у касцёле і марыў стаць святаром. Скончыў 4 класы народнай вучэльні ў Рукойнях. З дапамогаю ксяндза з Лаварышак працягнуў навучанне ў гімназіі ў Вільне.

У 1905 паступіў вучыцца ў Віленскую духоўную сэмінарыю, але па прычыне пагаршэння стану здароўя ў 1907 вымушаны быў перарваць навучанне.

З 1907 Баляслаў Пачопка ў Пецярбургу, дзе ўладкаваўся на працу дробным чыноўнікам.  Па-за працай самастойна працягвае навучанне. На працягу 2 гадоў браў удзел у беларускіх і польскіх культурна-асветніцкіх гурках у Пецярбургу, куды прыносіў свае вершы і песні. Царскія ўлады западозрылі палітычную дзейнасць у гэтых гуртках і дзейнасць іх была спынена, а  Пачопку звольнілі з працы і пазбавілі магчымасці знайсці іншую дзяржаўную службу ў сталіцы.

Баляслаў Пачопка быў вымушаны вярнуцца на радзіму, дзе працаваў прыватным настаўнікам у маёнтку Швядовічаў Крывейкішкі непадалёку ад старажытнага мястэчка Кернава на Віленшчыне. У 1911 у дзяржаўнай гімназіі ў Шаўлях здаў экстэрнам экзамэн за восем класаў гімназіі і атрымаў атэстат.

31 студзеня 1912 ажаніўся на Марцыяне Пілецкай, з якой у яго было сем дзяцей.

З 1911 жыў у Вільні, супрацоўнічаў з рэдакцыямі беларускіх выданняў «Наша ніва» і «Biełarus», а таксама працаваў як хатні настаўнік. Удзельнічаў у стварэнні першай беларускай каталіцкай газэты «Biełarus» (выходзіла раз на тыдзень, друкавалася беларускай лацініцай), пачынаючы з пятага нумару (№ 1, 1914) быў яе рэдактарам і выдаўцом.

Баляслаў Пачопка — укладальнік і выдавец першага ў XX стагоддзі беларускага малітоўніка «Boh z nami» (1915), аўтар першай беларускай граматыкі («Hramatyka biełaruskaj mowy. Apracawaŭ B.Pačobka», распрацавана ў 1915; надрукавана ў Вільні, у друкарні «Homan» у сакавіку 1918). Падрыхтаваў і выдаў шэраг беларускіх рэлігійных кніжак. Пісаў вершы па-беларуску і па-польску, збіраў беларускі фальклор, даследаваў гісторыю батлейкі ў Беларусі.

Допісы ў газеты і публіцыстычныя творы падпісваў як уласным прозвішчам, так і рознымі варыянтамі скарачэнняў уласнага імя і прозьвішча: B.P, P-ka Boluk, P-ka B., а. Баляслаў і інш.

Браў удзел у арганізацыі беларускага школьніцтва ў Вільні. З снежня 1915 года стаў адным з выкладчыкаў арганізаваных намаганнямі Алаізы Пашкевіч (Цёткі), Івана і Антона Луцкевічаў ды інш., першых вечаровых настаўніцкіх курсаў для падрыхтоўкі беларускіх настаўнікаў. Працаваў у Вільні ў Камітэце дапамогі пацярпелым ад вайны.

У кастрычніку 1915 з Вільні разам з сям’ёй пераехаў у Свіслач, каб з дазволу нямецкіх акупацыйных уладаў разам з іншымі дзеячамі стварыць там першую беларускую настаўніцкую семінарыю. З’яўляўся яе дырэктарам, хоць фармальна яе кіраўніком быў немец Бэндзеха.

У беларускай настаўніцкай сэмінарыі ў Свіслачы, якая дзейнічала ў перыяд з 15.10.1916 па 15.11.1918, і за гэты пэрыяд падрыхтавала 144 беларускіх настаўніка, Баляслаў Пачопка выкладаў беларускую мову і лаціну. Падчас працы ў Свіслачы пачаў збіраць беларускія народныя песні, якія планаваў выдаць у зборніку «Беларуская ліра», аднак гэтая праца не была завершана і сёння лёс яе невядомы.

Летам 1920, падчас кароткага панавання бальшавікоў, вымушаны быў хавацца ад магчымых рэпрэсіяў і жыў на нелегальным становішчы пад страхой аднаго з гаспадарчых будынкаў.

Пасьля ліквідацыі польскімі ўладамі беларускай настаўніцкай семінарыі ў Свіслачы і беларускага школьніцтва ў Заходняй Беларусі працаваў дырэктарам і настаўнікам у школах Ваўкавыскага павету: у в. Вільчукі (1920—1922), в. Масюкі (1922—1926).

У міжваенны час вырашыў прысвяціць сябе справе адраджэння Уніі ў Беларусі і прыняў усходні абрад на прапанову ўкраінскага манаха-рэдэмптарыста Мікалая Чарнецкага (пазьней — біскупа, Апостальскага візітатара каталіцкіх парафіяў славяна-бізантыйскага абраду ў Польшчы, сёньня вызнанага Царквой блаславёным). Дзеля гэтага падаў пісьмовую просьбу ў Рым і вясною 1921 атрымаў асабісты дазвол ад папы Бэнэдыкта XV. З 1921 аднавіў свае тэалагічныя штудыі — у грэка-каталіцкай семінарыі ў Львове, дзе 5 гадоў вучыўся завочна. 18 ліпеня 1926 быў высвечаны на дыякана, а 25 ліпеня — на святара ў катэдры св. Юра ў Львове. Святарскія пасвячэнні паводле бізантыйскага абраду яму ўдзяліў Галіцкі мітрапаліт Андрэй Шаптыцкі.

23.08.1926 рыма-каталіцкі біскуп Пінскі Зыгмунт Лазінскі прызначыў яго «выконваючым абавязкі вікарыя Целяханскай парафіі для абслугоўвання вернікаў усходняга абраду, з рэзідэнцыяй у Бабровічах».

Падчас працы ўніяцкім парахам у Бабровічах а. Баляслаў Пачопка, акрамя святарскага служэння, выкладаў рэлігію дзецям у школе, актыўна займаўся дабрачыннай дзейнасцю для бедных, браў удзел у Пінскіх унійных канферэнцыях, на якіх выступаў з дакладамі, дасылаў артыкулы ў беларускую і польскую прэсу («Da Złučeńnia»,«Przegląd Wileński»). Стаў першым біёграфам біскупа Пінскага Зыгмунта Лазінскага (цяпер вядзецца беатыфікацыйны працэс). У 1938 уласнымі рукамі збудаваў і аздобіў новую драўляную ўніяцкую царкву ў Бабровічах (значную частку грошаў на яе ахвяравала Магдалена Радзівіл). У душпастырскай дзейнасці карыстаўся пераважна беларускай мовай.

Баляслаў Пачопка меў шырокую перапіску з рознымі асобамі далёка па-за межамі краіны, падтрымліваў шматгадовую лістоўную сувязь з мецэнаткай беларускага руху княжной Магдаленай Радзівіл, сябраваў з вядомым славістам прафэсарам Брэслава (Уроцлава) Рудольфам Абіхтам, зь якім працаваў у Свіслацкай беларускай настаўніцкай сэмінарыі.

З прыходам Саветаў у 1939 пачаўся маральны і матэрыяльны ціск на святара і яго сям’ю, а ў лютым 1940, калі ў Заходняй Беларусі адбылася першая масавая аперацыя НКВД па дэпартацыі ў Сібір, у яго царкве адбыўся пагром. Праз некалькі тыдняў яго спрабавалі абвінаваціць у крадзяжы збожжа. Гэтыя перажыванні моцна адбіліся на стане здароўя святара, якое ўвесну 1940 моцна пагоршылася, узніклі  праблемы з сэрцам. Некалькі тыдняў ён правёў у шпіталі ў Целяханах. Увосень святаром заняліся следчыя НКВД. У снежні 1940 святар другі раз трапіў у шпіталь у Целяханах, а на другі дзень святаў Божага Нараджэння (26 снежня 1940) там памёр.

Пахаваны ён быў на каталіцкіх могілках у Целяханах. Сям’я святара адразу пасля яго пахавання, хаваючыся ад рэпрэсіяў НКВД, з’ехала на Віленшчыну, пазней выехала ў Польшчу, дзе дагэтуль жывуць нашчадкі.

У 120-ыя ўгодкі з дня нараджэньня Баляслава Пачопкі, на Дзяды 2004 году, на яго магіле быў урачыста адкрыты і асвечаны помнік з дрэва з выяваю ўваскрослага Хрыста (аўтар помніка - мастак Мікалай Колас з Баранавічаў).

 

Анатоль Астапенка

 

 

Навіны па тэме