Перспектывы Беларускай Хрысцянскай Дэмакратыі

16.10.2017, 12:19  |  Навіны » Грамадства

Перспектывы Беларускай Хрысцянскай Дэмакратыі

 

У 2014-ым мы разам з прэс-сакратаром БХД Максімам Гацаком і журналістам Анатолем Шырвелем заснавалі першы ў Беларусі міжканфесійны хрысціянскі інфармацыйны партал “Крыніца.інфа” ды Супольнасць хрысціянскіх журналістаў і блогераў. Стогадовая традыцыя беларускіх хрысціянскіх медыяў пад эгідай БХД  аднавілася – і нашай  марай сталася стварэнне самай чытанай інфармацыйнай платформы ў краіне ды рэгіёне.

У выніку шырокіх кампаніяў БХД умацавалася ў рэгіёнах і Менску. Агульная спісавая колькасць сябраў БХД перавысіла 4000 чалавек.  Дзейсныя супольнасці хрысціянскіх дэмакратаў узначалілі Алег Аксёнаў у Магілёве, Павел Пракаповіч у Менскай вобласці, Яўген Анішчанка ў Воршы, Сяргей Верамеенка ў Гародні, Віктар Гарбачэўскі на Берасцейшчыне, Алесь Шарыпаў у Гомелі, Андрэй Гайдукоў у Наваполацку, Дзіяна Чэбышава ў Полацку, Багуслаў Мацук у Мёрах, Раман Ганчароў у Маладзечне, Алег Кокаш у Наваградку, Таццяна Малашчанка ў Баранавічах, Уладзімір Шыла ў Салігорску, Дзяніс Дашкевіч у Рагачове, Арсень Чыгір у Асіповічах, Зміцер Вінаградаў у Мядзелі, Святлана Манько-Раткевіч у Заслаўі, Вольга Кавалькова ў Менску.

У жніўні 2015 года на Данбасе загінуў кіраўнік берасцейскай гарадской арганізацыі БХД, які паехаў дабраахвотнікам (капеланам і медыкам) абараняць незалежнасць Украіны ад расейскай агрэсіі, 32-хгадовы  Алесь Чаркашын. Праз год на сродкі, сабраныя па ўсёй Беларусі, хрысціянскія дэмакраты паставілі на могілках пад Берасцем помнік Алесю.  Пасля украінскай “Рэвалюцыі годнасці” і вайны на Данбасе  менавіта БХД выступіла ініцыятарам стварэння “Камітэту салідарнасці з Украінай” у 2014 годзе і “Камітэту бацькоў беларускіх дабраахвотнікаў ва Ўкраіне” у 2016-ым.

Увосені 2015 года БХД  на прапанову Віталя Рымашэўскага разам з АГП і Рухам “За Свабоду” заснавалаправацэнтрысцкую кааліцыю – ядро для яднання ўсіх дэмакратычных сіл. Пагадненне было падпісана таксама і на найвышэйшым палітычным узроўні ЕС - прэзідэнтам Еўрапейскай Народнай Партыі Жозэ Долем, які 31 жніўня 2016-га прыехаў з візітам у Мінск. Ужо ўвосені 2016-ага правацэнтрысты вылучылі адзіны спіс прамоўцаў у “парламенцкай” кампаніі, і стварылі агульную Асамблею Народных Прадстаўнікоў (свайго роду народны парламент).

На 2017 год БХД запланавала шырокае адзначэнне стагоддзя хрысціянскай дэмакратыі ў Беларусі. Вечарыны памяці, усталяванне крыжоў ды мемарыяльных шыльдаў, набажэнствы, якія сумяшчаюцца  з навукова-практычнымі канферэнцыямі, экскурсіямі, прэзентацыямі законапраектаў БХД ды кнігаў “Беларуская хрысціянская дэмакратыя 1917-2017” і “Сто асобаў БХД”, распаўсюд партыйнай Праграмы і працяг кампаніяў – найлепшы адказ на пытанне пра жыццяздольнасць хрысціянска-дэмакратычнай ідэі ў Беларусі.

70-гадовае панаванне камунізму з рэвалюцыямі і войнамі, і дваццацігоддзе прарасійскай дыктатуры прывялі Беларусь да страшнага маральнага правалу. У Беларусі ўкаранілася норма хлусіць, красці, піць, фальшаваць выбары. Краіна выйшла на першае месца паводле ужывання алкаголю на душу насельніцтва ў свеце, на першае месца ў Еўропе па колькасці зняволеных жанчынаў, практычна страціла беларускамоўную адукацыю.

 І, як і для пасляваенных Германіі ды Італіі, стала відавочна: каб выцягнуць 10-мільённы народ з гэтай ямы, патрэбная сіла, заснаваная менавіта на ўкарэненых ва ўласнай гісторыі маральных прынцыпах. На хрысціянстве і патрыятызме.Перспектыва хрысціянскай дэмакратыі зараз, у пачатку ХХІ стагоддзя – гэта перспектыва выжывання беларусаў як нацыі і Беларусі як дзяржавы.

З кнігі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя: 1917 - 2017"

Працяг будзе

 

Навіны па тэме