Віталь Рымашэўскі прыняў удзел у пасяджэнні Камітэта палітычных адносін і дэмакратыі ПАРЕ

10 кастрычніка 2017 12:24  |  Галоўныя навіны

Віталь Рымашэўскі прыняў удзел у пасяджэнні Камітэта палітычных адносін і дэмакратыі ПАРЕ

 

Сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі 10 кастрычніка ў Страсбургу прыняў удзел у пасяджэнні Камітэта палітычных адносін і дэмакратыі Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы. На пасяджэнні камітэта адбылася дыскусія па сітуацыі Беларусі. Акрамя Віталя Рымашэўскага, спікерамі былі Алесь Бяляцкі, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці і члены Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім і Андрэй Навумовіч.

У чэрвені гэтага года была прынятая рэзалюцыя на Мінскім пасяджэнні ПАРЕ, у якой выказалася крытычная ацэнка сітуацыі Беларусі, у тым ліку сітуацыя з невыкананнем правоў чалавека ў галіне свабоды СМІ, рэгістрацыі грамадскіх аб’яднанняў, палітычных партый, а таксама смяротнага пакарання, свабоды журналістаў, палітвязняў.

«Падчас сённяшняга пасяджэння я агучыў усе праблемы, якія сёння ёсць з правамі чалавека ў нашай краіне. У прыватнасці, на жаль, ніякіх станоўчых зменаў пасля прыняцця рэзалюцыі ПАРЕ не адбылося і, акрамя таго, ліцэнзіі пазбаўленыя адвакаты, да палітычных партыяў прымяняюцца новыя віды рэпрэсій, за ўдзел у мірнай дэманстрацыі апазіцыянеры атрымліваюць арышты і велізарныя штрафы. З боку ўлады прадстаўнікоў улады ў прынцыпе прагучала дэкларацыя аб гатоўнасці працягваць супрацоўніцтва з Парламенцкай Асамблеяй Савета Еўропы па ўсіх пытаннях, у тым ліку па пытаннях смяротнага пакарання. Аднак, з майго пункту гледжання, існуе пэўная стомленасць ўжо ў еўрапейцаў ад абяцанняў беларускіх уладаў за апошнія 20 гадоў і адсутнасці бачнага прагрэсу хоць бы ў пытаннях мараторыя на смяротнае пакаранне», – адзначыў сустаршыня БХД.

ПАРЕ прыняла рашэнне аб тым, што ў бліжэйшыя два гады ў працы і ў дыскусіях па Беларусі будуць удзельнічаць прадстаўнікі Палаты прадстаўнікоў, а таксама дэмакратычнай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці.

Болей навін