Прадстаўнікі БХД перадалі ў Мінабароны заяву з патрабаваннем адстаўкі кіраўніка ведамства Раўкова

13.10.2017, 22:17  |  Галоўныя навіны, Палітыка

Прадстаўнікі БХД перадалі ў Мінабароны заяву з патрабаваннем адстаўкі кіраўніка ведамства Раўкова

 

Прадстаўнікі аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД) падалі ў Міністэрства абароны Беларусі заяву з патрабаваннем адстаўкі міністра абароны Андрэя Раўкова і ўсіх кіраўнікоў вайсковых часцей, у якіх за апошні год загінулі салдаты тэрміновай службы.

На тэрыторыю Мінабароны прадстаўнікоў БХД не пусцілі, заяву ў іх прыняў супрацоўнік бюро пропускаў, якое размешчана насупраць будынка міністэрства.

Аўтары заявы - Віталь Рымашэўскі, Дзяніс Садоўскі, Вольга Кавалькова і Максім Гацак - выказваюць занепакоенасць выпадкамі гібелі салдат тэрміновай службы падчас яе праходжання ў воінскіх частках Беларусі, перадае БелаПАН.

Яны адзначаюць, што толькі за апошні год адбылося некалькі трагедый з маладымі салдатамі - Арцёмам Басцюком (праходзіў службу ў вайсковай частцы 25849), Паўлам Старанковым (в/ч № 44540) і Аляксандрам Коржычам (в/ч №43064).

«Усе гэтыя маладыя салдаты загінулі ў час праходжання службы і, па паведамленнях іх блізкіх, сталі ахвярамі нестатутных адносін (дзедаўшчыны), - гаворыцца ў заяве. - Мы не можам заставацца абыякавымі да трагедый, якія адбыліся з гэтымі маладымі людзьмі, разумеючы, што сёння на іх месцы могуць апынуцца іншыя маладыя людзі нашай краіны».

«Трагедыі сведчаць аб велізарнай колькасці праблем, якія існуюць у арміі, і пра тое, што ў сценах закрытых устаноў вайсковых часцей нашы салдаты не знаходзяцца ў бяспецы, а, наадварот, падвяргаюцца ціску і гвалту», - адзначаюць прадстаўнікі аргкамітэта БХД.

Прадстаўнікі аргкамітэта БХД патрабуюць:

- адстаўкі генерал-лейтэнанта, міністра абароны Андрэя Раўкова і ўсіх кіраўнікоў вайсковых часцей, у якіх адбыліся вышэйзгаданыя трагедыі з салдатамі;

- публічнага і ўсебаковага расследавання гібелі салдат тэрміновай службы і адхілення ад службы на перыяд следства ўсіх датычных (дзеяннямі і бяздзейнасцю) да іх гібелі;

- адкрытасці і публічнасці інфармацыі аб усіх здарэннях у вайсковых частках Беларусі;

- неадкладнага перагляду ўсёй сістэмы праходжання тэрміновай воінскай службы ў Беларусі і забеспячэння правоў чалавека і наяўнасці рэальных механізмаў для абароны ваеннаслужачых ад гвалту.

Перад падачай заявы сустаршыня аргкамітэту БХД Віталь Рымашэўскі заявіў: «Альбо міністр не ведаў, што адбываецца ў гэтых частках, - тады ён некампетэнтны і павінен сысці ў адстаўку, альбо ведаў, але пакрываў, - тады ён злачынец і павінен быць пакараны».

Рымашэўскі таксама адзначыў, што пра дзедаўшчыну ў беларускім войску ведаюць «і маці, і будучыя салдаты, але ўсе маўчаць». «І вось менавіта з гэтага пачынаецца дыктатура», - заявіў палітык.

Шырокае грамадскае абмеркаванне праблемы дзедаўшчыны ў беларускім войску пачалося пасля трагічнага выпадку з салдатам тэрміновай службы Аляксандрам Коржычам. 3 кастрычніка цела 21-гадовага ўраджэнца Пінска знайшлі павешаным у падвальным памяшканні аднаго з будынкаў на тэрыторыі вайсковай вучэбнай часткі пад Барысавам. Следства ў якасці першапачатковай версіі назвала суіцыд, але сваякі салдата заявілі аб гвалтоўным характары смерці.

10 кастрычніка следства паведаміла аб узбуджэнні справы па ч. 3 арт. 443 КК (парушэнне статутных правілаў узаемаадносін паміж асобамі, на якіх распаўсюджваецца статус ваеннаслужачага, пры адсутнасці адносін падпарадкаванасці, якое пацягнула цяжкія наступствы). Па папярэдніх дадзеных, прычынай смерці стала механічная асфіксія ад сціскання органаў шыі пятлёй ад рамяня пры павешанні.

На наступны дзень на сайце zvarot.by  пачаўся збор подпісаў пад патрабаваннем адстаўкі міністра абароны Раўкова.

 

Фота Сяргея Балая, Naviny.by

Навіны па тэме