Севярынец выйшаў на волю пасля арышту за акцыю 8 верасня

27.10.2017, 08:54  |  Галоўныя навіны, Палітыка

Севярынец выйшаў на волю пасля арышту за акцыю 8 верасня

 

Увечары 26 кастрычніка сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец выйшаў на волю пасля адбыцця 15 сутак адміністрацыйнага арышту ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсціна ў Менску.

Севярынец быў асуджаны за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі супраць беларуска-расійскіх ваенных вучэнняў «Захад-2017». Рашэнне аб арышце прыняў 2 кастрычніка суд Цэнтральнага раёна Мінска.

Акцыя 8 верасня супраць вучэнняў «Захад-2017» была прымеркавана да Дня беларускай вайсковай славы, які апазіцыя адзначае ў гадавіну гістарычнай бітвы пад Воршай. Падчас яе правядзення затрыманні не праводзіліся, аднак пазней шэраг удзельнікаў акцыі былі прысуджаныя судом да адміністрацыйнага арышту альбо аштрафаваныя.

Як паведаміў БелаПАН Севярынец, людзі, якія сядзяць у ЦІП, «клянуць улады на чым свет стаіць», незалежна ад іх сацыяльнага становішча.

Палітык лічыць, што яго арышт быў звязаны з правядзеннем 21 кастрычніка акцыі «Марш абураных беларусаў 2.0», у якім ён планаваў прыняць удзел. «Суд за акцыю 8 верасня адбыўся 2 кастрычніка, дзевяць дзён не затрымлівалі. Быў вымушаны ездзіць з торбай па горадзе. Выскачыў з метро сустрэць жонку, калі мяне затрымалі, без сумкі. Мне перадавалі перадачы», - сказаў ён.

Севярынец паведаміў, што таксама пасля адбыцця 15 сутак арышту быў вызвалены актывіст кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Яўген Афнагель. «Я з ім некалькі разоў перасякаўся падчас прагулак. Думаю, ён гэтак жа нармальна адседзеў гэтыя 15 сутак», - сказаў палітык.

 

Naviny.by

Навіны па тэме