Права выбару: ва ўладаў скончыліся грошы на водаправод для Суйкава

12.11.2017, 16:44  |  Навіны » Грамадства

Права выбару: ва ўладаў скончыліся грошы на водаправод для Суйкава

 

У вёсцы Суйкава Віцебскага раёну 5 лістапада спыніліся працы па пракладцы абяцанага ўладамі і так неабходнага мясцовым жыхарам водаправоду. Па вырашэнне гэтай праблемы вяскоўцы звярнуліся да актывісткі Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Алены Янушкоўскай, якая ў межах кампаніі “Права выбару” ўжо не першы год змагаецца за права насельнікаў Суйкава мець доступ да вады.

“Тэлефаную ў райвыканкам, там мне тлумачаць, што грошай ад 30 тысяч, выдаткаваных на будаўніцтва водаправоду па ўсёй нашай Партызанскай вуліцы, ужо няма, што грошай хопіць толькі на тое, каб завяршыць будаўніцтва 310 пракладзеных метраў”, - адзначыла актывістка.

“Дык куды грошы падзелі? Зноўку тэлефаную на "прамую лінію" ў аблвыканкам. Праз 2 гадзіны прыязджае камісія на чале з намеснікам старшыні райвыканкаму Аляксеем Героевым. Той кажа, што так, грошай зусім не засталося, як толькі, дык адразу. Ну што ж, прыйдзецца пад гэты воз прыкласці яшчэ колькі намаганняў. А па пытаннях дарогі наладзілі пракладванне падушкі пад добрую грунтоўку, у наступным годзе паабяцалі скончыць, калі тая "падушка" добра ўкладзецца. Гадзіны 2 хадзілі з той камісіяй па Суйкава - дзе зручна, дзе не прайсці. Здавалася б, паказала ўсе праблемы. Так, пагаджаецца камісія, праблемы існуюць. Спатыкнуліся на дрэнажы, з-за якога шмат якія дамы і агароды падтапляюцца. Дрэнажы ўжо дапякаюць правяральшчыкаў, яны ўжо пазамярзалі. Ім хочацца есці, спаць, глядзець серыялы, а мы ім тут усё гугнім - надакучыла ім гуляць ролю клапатлівых слуг народа, раззлаваліся і паехалі па дамах”, - дадала Алена Янушкоўская. 

“На наступны ж дзень прыйшлося нам ехаць у райвыканкам, дзе ў прысутнасці старшыні Генадзя Сабыніча, намесніка Аляксея Героева, старшыні сельсавета Раісы Ярошкінай і іншых былі ўзняты зноўку ўсе надзённыя праблемы Суйкава. Ні на адно пытанне не быў дадзены канкрэтны адказ. Як заўсёды - абяцанкі-цацанкі. Мы ж не прынялі гэтую гульню і паабяцалі скардзіцца вышэй, на што нам весела адказалі, што скаргу спусцяць усё роўна да іх, і будзе тое, што ёсць, а і ўвогуле, якая вам, Алена Васільеўна, справа, што бабу Маню падтапляе - яна ж маўчыць, што цяжка і далёка бабе Тані хадзіць па ваду - яна ж таксама маўчыць. Зразумела, арганізуем вам і бабу Маню, і бабу Таню… Ці спынімся? Не! Засталося яшчэ пазнаёміцца з Палажэннем аб вясковым старасце, каб скарыстаць усе магчымасці, што фармальна дае нам "Закон аб мясцовым самакіраванні". Мы зробім так, каб ён на вёсцы Суйкава працаваў! Не, спадары чыноўнікі, вам не ўдасца сысці ад адказу. Прыйдзецца справаздачыцца! Вы ж добра ведалі, займаючы пасады, на што ішлі”, - падкрэсліла актывістка БХД.

Навіны па тэме