Мёртвыя душы. Як уратавацца

12.11.2017, 19:04  |  Блог Таццяны Севярынец, Грамадства

Мёртвыя душы. Як уратавацца

 

- А, гэта вы фатаграфуеце? Ну, дык вам можна. І працу маем, і справа робіцца, - мужчына ў працоўнай робе, што нечакана вынырнуў з-за плота будоўлі лазня-пральнага камбіната, занырнуў назад. Я не паспела ні сказаць што, ні здзівіцца, бо цэлілася аб’ектывам свайго старэнькага вернага фоціка на пашпарт аб’екту.

За гады турбавання чыноўнікаў і па гэтым аб’екце вывучыла, здаецца, яго, але на гэты раз пад назвай “пашпарт аб’екту” з’явілася нешта новенькае: пачатак працы - студзень 2017, заканчэнне -  снежань 2017… От махляры! Ну сапраўды, Віцебск ведае, што на рагу перакрыжавання вуліц Чкалава і Воінаў-інтэрнацыяналістаў ужо колькі год будуецца той камбінат. Аматары парнай банькі чакаюць яго з нецярпеннем! А па новым пашпарце нічога тут раней не было! Ніякіх агароджаў, ніякіх будынкаў кастлявых, ніякіх будаўнікоў. Усё, аказваецца, з’явілася ў студзені 2017 года…

І каго падманваюць? Пэўна, быў нейкі правяраючы не так даўно, дык каб ужо паказаць, што хоць дзе праца на сацыяльным аб’екце ідзе хутка, прымайстрылі новы пашпарт. Н-да, снежань не за гарамі, а канца працы не відаць. Так што невядома, калі аматары тут пагрэюць свае косткі. Шыльду ж можна і новую павесіць… Ой, і смешна ж!

Паліклініка на Поўдні-7 будуецца, людзі пры сустрэчы дзякуюць.

Я наведваюся сюды часцяком, адсочваю, з людзьмі размаўляем пра тое, што калі разам ды настойліва, то і мёртвых у горадзе ажывім. Сапраўдныя ж мёртвыя не на могілках, з тых ужо нічога не спытаеш - яны ў нас па кабінетах сядзяць, паглядаюць на наведвальнікаў пустымі вачыма. Толькі галовы качанамі направа-налева ківаюць. Ох, і цяжка іх будзіць бывае!

Ёсць шчаслівыя выключэнні. Вось, з апошніх: заасфальтавалі нарэшце тратуар уздоўж праспекта Будаўнікоў – вунь, у чырвонай куртачцы на ровары выпрабоўваю той тратуар - асалода! Раней і прайсці - выпрабаванне. Жанчынка з кіёчкам таксама не нарадуецца.

На апошняй сустрэчы са старшынём гарсавета сп. Бялевічам 10.10.17-га ставілі зноўку пытанні і па стану грамадскай прыбіральні, што ў Парку партызанскай славы, і аб намеры ў гістарычнай ахоўнай зоне Ніжняга замку пабудаваць палац шлюбаў, і аб помніку княгіні Вользе, што не мае дачынення да ўзнікнення Віцебска. Не першы раз, і не толькі ў гэтым кабінеце ўздымаем тыя пытанні – будзім змяртвелае сумленне, адказнасць, розум, любоў да горада.

І калі вырвалі абяцанне толькі “вынести вопрос о капитальном ремонте общественного туалета на рассмотрение Витебского городского исполнительного комитета для включения в план на 2018 год” (з адказу гарсавета ад 09.11.2017), то адносна палацу шлюбаў і помніка княгіні Вользе, супраць якіх выступае не толькі наша ініцыятыва “Віцебск - горад наш”, але і краязнаўцы, і гісторыкі, і простыя людзі, гарсавет трымаецца цвёрда, мёртвай хваткай учапіўшыся ў адным выпадку за “прыгожую легенду”, якая, па іх меркаваннях, прывабіць турыстаў, у другім так жа мёртва і тупа настойваюць на нейкай завяршальнай кропцы з’яўлення ансамбля(?). Дарэчы, побач і новы будынак КДБ ужо пад дах узведзены. Ён таксама ў ансамблі?

Дык вось, шаноўнае спадарства, дарагія віцебляне, напярэдадні хутка маючых абвешчанымі выбарах у мясцовыя саветы я вас заклікаю: не будзьце абыякавымі, будзіце і свае душы, калі хочаце быць у горадзе гаспадарамі, каб будаваць тут жыццё па ўласным бачанні, прыстойна і не даваць сябе абрабоўваць! Далучайцеся да тых, хто мае гонар чалавекам звацца, да прамоўцаў ад кампаніі “Права выбару”! Станьце імі!

 

 

Таццяна Севярынец

 

Мёртвыя душы. Як уратавацца
Мёртвыя душы. Як уратавацца
Мёртвыя душы. Як уратавацца
Мёртвыя душы. Як уратавацца 

Навіны па тэме