Праграма БХД. Моцная сям’я – моцная Беларусь

23 лістапада 2017 08:34  |  Палітыка

Праграма БХД. Моцная сям’я – моцная Беларусь

 

12.1.1. За апошнія 18 гадоў насельніцтва Беларусі значна паменшылася і значна састарэла. Па дадзеных на 1 верасня 2014 года колькасць насельніцтва Беларусі склала 9464 тыс. чалавек, што на 718 тыс. чалавек менш, чым у 1996 годзе. Кожны год колькасць памерлых перавышае колькасць народжаных. Дэмаграфічная піраміда ў нашай краіне ўсе больш пераварочваецца дагары нагамі, таму што яе аснова (людзі актыўнага ўзросту, моладзь, дзеці) памяншаецца. Гэты працэс мае месца таксама і ў развітых краінах Заходняй Еўропы, але ў Беларусі ён ускладняецца моцным жаданнем моладзі з’ехаць за мяжу і рэалізоўваць свой патэнцыял у іншых краінах. Адна з галоўных прычын адтоку маладых людзей – адсутнасць перспектыў, умоў для развіцця і рэалізацыі ў Беларусі. Антыканстытуцыйная практыка прымусовага размеркавання маладых спецыялістаў і жабрацкая аплата працы штурхае маладых беларусаў да пошуку лепшага жыцця за мяжой.

12.1.2. Нізкая нараджальнасць з’яўляецца характэрнай праблемай для многіх еўрапейскіх краін і для многіх развітых краін свету. Аднак для Беларусі важнай абставінай гэтай праблемы з’яўляецца ўстрыманне ад нараджэння дзіцяці з-за фінансавых цяжкасцяў, бо большасць маладых сем’яў у Беларусі жывуць амаль на мяжы беднасці. Вялікая праблема і бяда для Беларусі – гэта вялізная колькасць абортаў, у выніку чаго кожны год на свет так і не нараджаюцца дзесяткі тысяч дзяцей. Дэмаграфічны крызіс і яго паглыбленне, што адбываецца сёння ў нашай краіне, уяўляе сабой вялізную небяспеку. Ён можа прывесці да разбурэння краіны. БХД лічыць, што вырашэнне гэтай праблемы жыццёва важна для будучыні Беларусі як незалежнай і моцнай дзяржавы.

12.1.3. Калі нізкая нараджальнасць – з’ява знаёмая для Заходняй Еўропы, то разрыў пакаленняў падаецца характэрнай з’явай для Беларусі. Сёння улада імкнецца кантраляваць усе аспекты жыцця кожнага беларуса, і таму спрабуе забяспечыць грамадзяніна пэўным мінімумам у абмен на яго пасіўную ролю ў палітычных, сацыяльных і эканамічных працэсах. Выхаванне патэрналісцкіх настояў у маладых людзей прыводзіць да надзеяў і чаканняў чалавека ад дзяржавы, а не ад паспяховасці сваёй рэалізацыі, у тым ліку праз стварэнне сям’і. Такім чынам, ад сям’і залежыць усё менш, што спрыяе парыванню сямейных сувязяў.

12.1.4. Аўтарытарны рэжым імкнуцца стварыць уражанне, што гісторыя нашай краіны пачалася не раней, чым 90 гадоў таму (дастаткова паглядзець на помнікі і назвы вуліц у беларускіх гарадах ці афіцыйныя святы). Сама дзяржаўная эліта сімвалічна і ментальна звязвае сябе з савецкім мінулым. Навязванне так званай “ідэалогіі беларускай дзяржавы”, якая з’яўляецца па сутнасці апраўданнем антынацыянальнай палітыкі, адсутнасць сапраўднага нацыянальнага патрыятычнага выхавання прыводзяць да таго, што большасць маладых людзей не ведаюць сваей гісторыі і культуры, помнікаў, славутых імён Беларусі. Медыйная палітыка цяперашніх улад фактычна прасоўвае нізкаякасныя з’явы перыферыйнай масавай культуры.

12.1.5. Савецкі час – гэта далёка не адзінае і не галоўнае, што прывяло да існавання беларускай дзяржавы, і што вызначае яе будучыню. Гэта важны гістарычны перыяд для сучаснай Беларусі, аднак праблема ў тым, што цяпер ён прэзентуецца як адзіны складнік беларускай гісторыі, і ў той жа час замоўчваецца наша славутая мінуўшчына, нышы хрысціянскія карані, еўрапейскія цывілізацыйныя сувязі і элементы ментальнасці. Моладзь свядома ці падсвядома адчувае гэты падман, але ў асноўным не мае пазітыўнай замены яму, што вядзе да нацыянальнага нігілізму. Дадзеная палітыка спрыяе адрыванню беларускай моладзі ад сваіх каранёў, ад гісторыі сваёй Радзімы, ад культурнай традыцыі і гісторыі сваёй сям’і. Такім чынам, рвуцца культурныя і гістарычныя сувязі з папярэднімі пакаленнямі.

12.1.6. Сям’я ўяўляе сабой асноўную ячэйку грамадства. У межах сям’і дзеці атрымоўваюць самы першы сацыяльны вопыт, пераймаюць галоўныя сацыякультурныя традыцыі і веды, успрымаюць мадэлі паводзінаў мужчыны і жанчыны. Сям’я – гэта самая важная сфера ідэнтычнасці чалавека, адчування блізкасці і супольнасці. Жыццёвы вопыт, які чалавек у дзяцінстве пераняў у сям’і сваіх бацькоў, адбіваецца на будаванні і адносінах унутры сваёй уласнай сям’і. Гэта азначае, што выхаванне асобы ў моцнай абароненай, маральна здаровай і стабільнай сям’і з’яўляецца прыярытэтам для грамадства. Таму дзяржаўная палітыка, асабліва ва ўмовах дэмаграфічнага, сацыяльнага і духоўнага крызісу, павінна быць накіраванна на ўсебаковую падтрымку сям’і і асабліва шматдзетнай сям’і. Дзяржава абавязана бараніць сям’ю і ўспрымаць яе як галоўнага аб’екта для сацыяльнай і моладзевай палітыкі, праз прызму сямейных каштоўнасцяў дзяржава мусіць глядзець на эканамічную палітыку.

12.1.7. У апошні час ў Беларусі пашыраецца такая з’ява, як сужыццё мужчыны і жанчыны і нараджэнне дзяцей без афіцыйнага афармлення адносінаў. Гэтая тэндэнцыя ўяўляе вялікую небяспеку і размывае інстытут шлюбу. Разумеючы гэта, БХД выступае за распаўсюд сямейных сацыяльных гарантыяў, якія мы будзем рабіць істотнымі і адчувальнымі, толькі на афіцыйна зарэгістраваныя сем’і. Такая мера будзе ўяўляць эканамічны стымул для афармлення фактычных сямейных адносінаў у паўнавартасны шлюб.

12.1.8. Шлюб уяўляе сабой грамадскі інстытут, які надзяляе сям’ю юрыдычнай дадзенасцю, то бок накладае пэўныя абавязкі і забяспечвае правы, якія гарантуюцца законам. Ад моманту заключэння шлюбу сям’я карыстаецца ўсімі сацыяльнымі гарантыямі і становіцца аб’ектам дзяржаўнай сямейнай палітыкі.

12.1.9. Шлюб узнік як найважнейшая частка чалавечага жыцця для фармалізацыі адносінаў менавіта мужчыны і жанчыны. Шлюб ніколі ў чалавечай гісторыі не быў уласцівы сексуальным меншасцям, шлюб – гэта сацыякультурны феномен, уласцівы выключна гетэрасэксуальным адносінам. Таму БХД выступае катэгарычна супраць надзялення правам абірацца шлюбам прадстаўнікоў сэксуальных меншасцяў. БХД прызнае асабістую свабоду чалавека, а значыцца і права самастойна вызначаць свой лад жыцця. Існуе практыка сумеснага сужыхарства прадстаўнікоў сэксуальных меншасцяў і многія маёмасныя, побытавыя пытанні можна рэгуляваць для такіх людзей на падставе існуючага заканадаўства без абрання шлюбам. Права абірацца шлюбам не з’яўляецца фундаментальным правам чалавека, а з’яўляецца біблейскім запаветам, здабыткам гэтерасэксуальнай культуры, значыцца, прадстаўнікі сэксуальных меншасцяў проста не маюць права прэтэндаваць на абранне шлюбам.

12.1.10. БХД таксама катэгарычна выступае супраць магчымасці выхавання дзяцей у гомасэксуальных і лесбійскіх фактычных саюзах, бо ў межах дадзеных адносінаў немагчыма перадача традыцыйных каштоўнасцяў, мадэляў паводзін у сям’і (успрымання мужчынскіх і жаночых роляў) і паўнавартаснага выхавання. Мы лічым, што сам факт выхавання дзіцяці у гомасэксуальным ці лесбійскім саюзе будзе фактарам дыскрымінацыі дзіцяці і парушэннем яго правоў. Гэтыя асаблівасці цягнуць за сабой небяспечныя наступствы як для асобы, так і для грамадскага развіцця ў цэлым.

12.1.11. БХД выступае супраць сурагатнага мацярыства: яно з’яўляецца відам таварна-грашовых адносін, аб’ектам якіх выступаюць народжаныя дзеці. Гэта з’яўляецца парушэннем этыкі і разрывае тую духоўную сувязь, якая ўзнікае паміж жанчынай і яе дзіцём.

 

 

З Праграмы БХД “Народная партыя з хрысціянскім сэрцам”, прынятай 13 чэрвеня 2015 года ў Менску.

 

Болей навін