Заява Беларускай хрысціянскай дэмакратыі з нагоды мясцовай кампаніі 2018 года

23.11.2017, 07:17  |  Галоўныя навіны, Палітыка

Заява Беларускай хрысціянскай дэмакратыі з нагоды мясцовай кампаніі 2018 года

 

Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя заяўляе, што абвешчаная Лідзіяй Ярмошынай кампанія "выбараў у мясцовыя саветы 2018 года" не з'яўляецца свабоднымі і сумленнымі выбарамі. Адсутнасць зменаў у выбарчае заканадаўства і шматгадовая практыка татальных фальсіфікацыяў ужо зараз дазваляюць зрабіць выснову, што рыхтуецца чарговы спектакль з прызначэннем дэпутатаў мясцовых органаў улады.

Адной з асноўных задач падчас мясцовай кампаніі БХД бачыць данясенне да грамадзян краіны інфармацыі пра сістэму масавых фальсіфікацый і адсутнасці ў Беларусі свабодных выбараў. Разам з партнёрамі, у рамках кампаніі "Права выбару", БХД арганізоўвае сістэму незалежнага назірання.

Шэраг сяброў БХД гатовы вылучацца ў якасці "кандыдатаў", каб выкарыстаць мясцовую кампанію дзеля легальнай камунікацыі з жыхарамі, правядзення пікетаў, узмацнення мясцовых кампаній, арганізацыі назірання ды выкрыцця фальсіфікацыяў.

Разам з тым, сярод сябраў і прыхільнікаў БХД ёсць тыя, хто схіляюцца да байкоту ці ігнаравання "выбараў". У гэтай сітуацыі, партыя падтрымлівае ўсе формы пратэсту супраць несвабодных і несумленных выбараў. БХД падтрымае і тых, хто сваім вылучэннем прадстаўляе альтэрнатыву прызначэнню, і тых, хто выступае супраць самой кампаніі фальсіфікацыяў пад назвай "мясцовыя выбары”.

БХД асуджае ўсякія спробы ўвязаць ацэнку палітычнай сітуацыі ў Беларусі з колькасцю дэпутатаў ад апазіцыі, якія будуць уключаныя ў мясцовыя саветы пасля 18 лютага. Ва ўмовах адсутнасці свабодных і справядлівых выбараў колькасць уключаных у мясцовыя саветы прадстаўнікоў ад апазіцыі не можа з’яўляцца крытэрам дзеля ацэнкі сітуацыі з дэмакратызацыяй краіны.

Мы заклікаем усіх неабыякавых грамадзян Беларусі, незалежна ад абранай формы пратэсту супраць несвабодных і несправядлівых выбараў, далучацца да кампаніі "Права выбару", каб разам фіксаваць парушэнні, супрадзейнічаць фальсіфікацыям і змагацца за свабодныя і справядлівыя выбары.

 

Жыве Беларусь - з Богам!

Навіны па тэме