Праграма БХД. Роўнасць і рознасць мужчынаў і жанчынаў

02 снежня 2017 10:18  |  Грамадства

Праграма БХД. Роўнасць і рознасць мужчынаў і жанчынаў

 

12.5.1. Мужчына і жанчына створаныя Богам роўнымі ў сваім чалавецтве і рознымі паводле свайго паклікання. Мы абавязаныя шанаваць і ахоўваць як адпачатную рознасць, так і падставовую роўнасць мужчыны і жанчыны. Неабходна з вялікай асцярожнасцю і развагай падыходзіць да пытання роўнасці або рознасці правоў і абавязкаў асобаў абодвух полаў, абараняючы каштоўнасць як асобы, так і сям’і, і ўсяго грамадства ў цэлым. Мы адмаўляемся дасягаць абсалютнай палавой роўнасці любым коштам (бо гэта немагчыма з натуральных прычынаў) – і прапаноўваем паважаць асаблівасці і ўнікальнасць як мужчынскага, так і жаночага паклікання.

12.5.2. У сацыяльнай ролі ў грамадстве і прафесійнай дзейнасці важна зразумець, што ўмовы жыцця мужчын і жанчын значна адрозніваюцца паміж сабой у пэўнай ступені з-за рэпрадуктыўнай функцыі жанчын. Жанчыны выношваюць і нараджаюць дзіця, займаюцца яго кармленнем і даглядам. Таксама абмежаваныя магчымасці прымяненне жаночай працы ў цяжкай вытворчасці і ў вайсковай справе. Сам Бог заклаў паміж мужчынай і жанчынай адрозненне, і гэта з’яўляецца натуральным нязменным станам рэчаў.

12.5.3. Пытанне не ў наяўнасці гэтых адрозненняў, а ў тым, што яны не павінны негатыўна адбівацца на ўмовах жыцця мужчын і жанчын, весці да дыскрымінацыі, а, наадварот, адпаведным чынам ўлічвацца.

12.5.4. БХД разглядае пытанне роўнасці полаў у непарыўнай сувязі з сямейнай палітыкай. Жанчыны, якія выношваюць дзіця або знаходзяцца ў адпачынку па дагляду за дзіцём (роўна як і мужчыны), мусяць мець магчымасць дыстанцыйнага навучання з дапамогай інтэрнэту і інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіяў у вышэйшых навучальных установах, курсах і г. д., у тым ліку і за кошт дзяржаўнага бюджэту.

12.5.5. БХД будзе ствараць гнуткую сістэму перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі для жанчын, якія займаюцца даглядам дзіцяці. Стварэнне сям’і і нараджэнне дзяцей не павінна станавіцца перашкодай да павышэння або набыцця адукацыі і прафесійных навыкаў жанчын. БХД будзе садзейнічаць стварэнню працоўных месцаў “удома” з вольным графікам працы, а таксама пашыраць гнуткія формы занятасці. Неабходна стварыць умовы для спалучэння асабістага і прафесійнага развіцця з хатнімі абавязкамі і выхаваннем дзяцей, стварыць механізмы прыцягнення мужчын да дагляду за дзецьмі.

12.5.6. Дзеля большага ўцягвання жанчын у эканамічную сферу і барацьбы з жаночым беспрацоўем неабходна спрыяць развіццю жаночага прадпрымальніцтва. Дзяржава мусіць надаць істоную ўвагу бізнэс-навучанню жанчын, падтрымцы ініцыятыў па кансультаванню жаночага прадпрымальніцтва і адкрыцці банкамі праграм мікракрэдытавання.

 

З Праграмы БХД “Народная партыя з хрысціянскім сэрцам”, прынятай 13 чэрвеня 2015 года ў Менску.

Болей навін