Праграма БХД. Сацыяльная небяспека хатняга гвалту

04.12.2017, 12:22  |  Навіны » Грамадства

Праграма БХД. Сацыяльная небяспека хатняга гвалту

 

12.6.1. Актуальнай праблемай Беларусі з’яўляецца хатні гвалт, які падрывае цэласнасць сям’і, здароўе, годнасць, бяспеку і незалежнасць асобы. Гвалт у сям’і можа быць фізічным, псіхалагічным, сэксуальным, а таксама эканамічным. Сёння ў Беларусі ў органы ўнутраных спраў штодзень паступае каля 500 паведамленняў аб фактах сямейна-бытавых канфліктаў, з якіх больш за 70% складаюць выпадкі хатняга гвалту ў адносінах да жанчын і дзяцей. У той жа час значная колькасць выпадкаў гвалту не фіксуецца, паколькі многія жанчыны альбо схільныя мірыцца з яго праявамі, альбо баяцца звяртацца з заявамі ў афіцыйныя органы.

12.6.2. Назіраецца моцная сувязь паміж распаўсюджанасцю хатняга гвалту і сацыяльна-эканамічным становішчам сям’і: калі ў малазабяспечаных сем’ях ад пабояў пацярпела кожная трэцяя з апытаных жанчын, то ў сем’ях з добрым дастаткам такія факты сустракаюцца ў 5% выпадкаў. БХД выступае за прыняцце закона "Аб супрацьдзеянні хатняму гвалту”, які будзе змяшчаць тлумачэнні ўсіх відаў гвалту, санкцыі за ўчыненыя дзеянні і сістэму экстраных мер па прадухіленню і абароне ахвяр хатняга гвалту. У гэтым законе мусіць быць прадстаўлены комплекс мер па прафілактыцы выпадкаў хатняга гвалту і роля ў прафілактыцы ўсіх органаў і арганізацыяў: паліцыі, сацыяльных служб, мясцовага самакіравання, цэркваў і неўрадавых арганізацыяў.

12.6.3. Дзеля вырашэння сітуацыі з хатнім гвалтам дзяржава мусіць праводзіць комплексную бестэрміновую інфармацыйную кампанію, накіраваную як на прадухіленне хатняга гвалту, так і на выпраўленне яго наступстваў. Трэба распаўсюджваць інфармацыю пра небяспечнасць для цэласнасці сям’і і цяжкіх наступстваў ад хатняга гвалту. Неабходна стварыць гарачыя тэлефонныя лініі для хуткага рэагавання на небяспеку хатняга гвалту і на вострую сітуацыю.

12.6.4. Усе дзяржаўныя ведамствы і органы ўлады, якія маюць дачыненне да вырашэння праблемы хатняга гвалту (паліцыя, пракуратура, сацыяльныя службы, медыцынскія ўстановы, суды, органы мясцовага самакіравання), мусяць быць праінфармаваныя пра дадзеную праблему, яе цяжкія сацыяльныя наступствы і стратэгіі вырашэння праблемы. Патрабуецца вывучэнне замежнага вопыту барацьбы з хатнім гвалтам, правядзенне адукацыйных мерапрыемстваў і абмен вопытам з замежнымі партнёрамі.

12.6.5. Неабходна выпрацаваць механізм рэабілітацыі ахвяр хатняга гвалту з аказаннем медыцынскай і псіхалагічнай дапамогі, забяспечыць ахвяр хатнага гвалту кароткатэрміновым і доўгатэрміновым прытулкам у тых выпадках, калі гэтага патрабуе сітуацыя. Дзеля гэтага дзяржава мусіць распрацаваць праграму па фінансаванні агучаных мер у дастатковай ступені па ўсёй краіне.

З Праграмы БХД "Народная партыя з хрысціянскім сэрцам", прынятай 13 чэрвеня 2015 года ў Менску.

Навіны па тэме