Права выбару: актывісты БХД выпраўляюць памылкі чыноўнікаў з выбаркамаў

17.12.2017, 19:14  |  Галоўныя навіны, Палітыка

Права выбару: актывісты БХД выпраўляюць памылкі чыноўнікаў з выбаркамаў

 

На пытаньне, чаму ў выбарчых камісіях амаль няма апазыцыі, беларускія улады звычайна даюць аднолькавы адказ: у іх няма досьведу такой працы, а таму яны могуць нарабіць шмат памылак. Аднак цяперашняя кампанія па абраньні дэпутатаў мясцовых саветаў паказвае, што памылкі робяць «дасьведчаныя і правераныя таварышы».

Памыляецца нават Ярмошына

На сайце ЦВК Беларусі была зьмешчаная інфармацыя, якая ўводзіла ў зман патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты, сьцьвярджае прэсавая служба Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі.

Наяўнасьць памылкі выявіла каардынатарка кампаніі «Права выбару» ад БХД Вольга Кавалькова.

«У Цэнтравыбаркаме, як звычайна, „высокакваліфікаваны“ пэрсанал. Паводле інфармацыі на іх сайце, рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў дэпутатаў ажыцьцяўляецца адпаведнай тэрытарыяльнай, акруговай камісіяй з 9 па 18 сьнежня 2017 году ўключна. На самой жа справе згодна з заканадаўствам рэгістрацыя кандыдатаў праходзіць з 9 па 18 студзеня 2018 году», — сказала Вольга Кавалькова.

У сувязі з гэтым яна вымушана была напісаць зварот у ЦВК. Пазначыўшы памылку, каардынатарка «Права выбару» падкрэсьліла: «Прашу выправіць памылку і прыцягнуць да адказнасьці супрацоўнікаў, адказных за распаўсюд інфармацыі, якая дэзінфармуе кандыдатаў і выбарнікаў».

Неўзабаве інфармацыю выправілі. А празь дзень старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына нават падзякавала «за апэратыўнае рэагаваньне на недакладную інфармацыю, якая мела месца».

«Апэратыўнасьць ЦВК мяне радуе, а вось прафэсіяналізм пакідае жадаць лепшага», — кажа актывістка БХД.

Права выбару: актывісты БХД выпраўляюць памылкі чыноўнікаў з выбаркамаў

У Магілёве блытаніна зь межамі тэрыторыяў выбарчых акругаў

У Магілёве міжпартыйная кампанія «Права выбару-2018» ня можа разабрацца зь межамі выбарчых акругаў. Паводле рэгіянальнага каардынатара Алега Аксёнава, яны вызначаныя недакладна, а гэта стварае прэтэндэнту на дэпутацкі мандат небясьпеку.

Калі прэтэндэнт на дэпутацтва, кажа спадар Аксёнаў, наважыцца зьбіраць подпісы ў сваю падтрымку на пэрыфэрыі акругі, то можа памылкова падпісаць тых, хто не жыве на яе тэрыторыі. А гэта дасьць падставы выбарчай камісіі прызнаць падпісныя лісты несапраўднымі і адмовіць яму ў рэгістрацыі.

«Гэтую сытуацыю можна разглядаць як хібы ў падрыхтоўцы выбараў чыноўнікамі, якія адказваюць за іх правядзеньне. Але я дапускаю і яшчэ горшае: няпэўнасьць у апісаньні тэрыторыі акругаў зроблена наўмысна, каб мець яшчэ адну падставу адсейваць непажаданых прэтэндэнтаў на дэпутацтва», — лічыць Алег Аксёнаў.

Ён кажа, што ў гарадзкіх акругах хібаў зь недакладна вызначанымі межамі нямала. Афіцыйнае апісаньне тэрыторыі акругі, паводле актывіста, не дазваляе пазначыць яе межы нават на мапе.

У абласной выбарчай камісіі кажуць, што адказнасьць за апісаньне тэрыторыі акругі ляжыць на выканкамах. Але з крытыкай з боку Алега Аксёнава тут не пагадзіліся.

«У нас ёсьць мапа з пазначанымі на ёй тэрыторыямі акруг. Я праглядала сёлетняе апісаньне і не сказала б, што ў ім блытаніна. Проста апісаньне трэба правільна чытаць і ўдумвацца ў тое, што чытаеш», — сказала Аксёнаву супрацоўніца камісіі.

Каб цалкам разабрацца ў заблытанай сытуацыі, кампанія «Права выбару-2018» накіравала зварот у абласную выбарчую камісію.

 

Радыё Свабода

Навіны па тэме