Віншуем з днём народзінаў Паўла Севярынца!

30.12.2017, 13:34  |  Навіны » БХД

Віншуем з днём народзінаў Паўла Севярынца!

 

Павел Севярынец – пісьменнік, публіцыст, палітык, заснавальнік Маладога Фронту, з 2005 года – сустаршыня БХД.

Нарадзіўся 30 снежня 1976 г. у Воршы, у сям’і журналіста Канстанціна Севярынца і школьнай настаўніцы Таццяны Севярынец. У 1994 г. скончыў з залатым медалём СШ № 25 Віцебска ў мастацка-архітэктурным класе, у 2000 годзе – геаграфічны факультэт БДУ, аддзяленне геалогіі, атрымаўшы прафесію інжынера-геолага па спецыяльнасці “Разведка карысных выкапняў».  Сабраў калекцыю мінералаў і горных пародаў  ваколіцаў Віцебска (больш як 2000 узораў).

У 1994-1999 гг. працаваў рэпарцёрам у шэрагу дзяржаўных і камерцыйных выданняў. З 1998 г. пачаў друкавацца ў беларускай незалежнай прэсе як публіцыст.

У кастрычніку 1995 г. уступіў у БНФ «Адраджэнне». У лютым 1997 г. узначаліў Менскую маладзёвую фракцыю БНФ. 6 верасня 1997 г. на Устаноўчым сойме быў абраны сустаршынём Маладога Фронту – найбуйнейшага маладзёвага дэмакратычнага беларускага руху.

2 красавіка 1998 г. арыштаваны падчас апазіцыйнай маніфестацыі ў Менску і за «зрыў канцэрту, прысвечанага аб’яднанню Расіі і Беларусі», змешчаны ў следчы ізалятар на вул. Валадарскага. Праз два месяцы пад ціскам беларускай і міжнароднай грамадзкасці вызвалены і адпраўлены пад падпіску аб нявыездзе ў Віцебск. Крымінальная справа закрытая ў лістападзе 1998 г. без тлумачэнняў і прабачэнняў.

31 траўня 1998 года ў турме, маючы перададзены ў камеру Новы запавет, прыняў Хрыста.

Удзельнік і арганізатар масавых вулічных выступаў моладзі ў 1997-2004 гг., больш за 40 разоў затрымліваўся міліцыяй і КДБ; агулам правёў падчас адміністрацыйных арыштаў на “сутках” больш за 7 месяцаў і атрымаў больш 11 тысячаў даляраў штрафаў.

Заснавальнік асветніцкага праекту «Шоў Беларушчыны», курсаў «Ды-джэяў Адраджэння», ініцыятар стварэння кааліцыі беларускіх дэмакратычных маладзёвых арганізацыяў «Пераменаў!», а таксама міжканфесійнай супольнасці «Хрысціянская ініцыятыва». У 1999-2003 гг. – намеснік старшыні Партыі БНФ.

З 1999 да 2004 – старшыня Маладога Фронту. Аўтар праграмы «Малады Фронт Пераменаў”, дзе кірунак развіцця МФ быў акрэслены як “хрысціянскія прынцыпы і беларускі патрыятызм”.

Адзін з арганізатараў І Кангрэсу Беларускай Моладзі (ліпень 2001 г.), абароны Курапатаў (верасень 2001 г. — чэрвень 2002 г.), нацыянальнай кампаніі «Беларусь у Еўропу!» (вясна 2002 г.), перадвыбарчага блоку «Маладая Беларусь» (2004 г.), партыі Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя (2004 г.).

У 2005 годзе абвінавачаны ў арганізацыі акцыяў пратэсту супраць «трэцяга тэрміну Лукашэнкі», якія адбыліся ў Менску пасьля «рэфэрэндуму-2004″ 18 і 19 кастрычніка. Асуджаны да трох гадоў абмежаваньня волі (г.зв. «хіміі»), з улікам амністыі тэрмін скарочаны да двух гадоў. Адбываў пакаранне на лесанарыхтоўках у вёсцы Малое Сітна на Поўначы Беларусі (Полацкі раён), дзе напісаў кнігу «Лісты з лесу” (паводле апытання “Нашай Нівы” прызнаная найлепшай беларускай кнігай 2007 года).

З 2005 г - сустаршыня Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі. У БХД адказны за ідэалогію, рэгіёны, інфармацыю і культуру. Рэдактар абедзвюх партыйных праграмаў – 2009 г. і 2015 г. (“Народная партыя з хрысціянскім сэрцам”). Ініцыятар партыйных кампаніяў “Люблю Беларусь”, “Хваля салідарнасці”, “У абарону касцёла Святога Язэпа”, “Урад для народа”, “100 гадоў БХД” і іншых.

Як прадстаўнік БХД сустракаўся з прэзідэнтам ЗША Джорджам Бушам-малодшым, дзяржсакратаром ЗША Кандалізай Райс, старшынямі Еўрапарламента Хансам-Гертам Пётэрынгам і Ежы Бузэкам, старшынём Еўрапейскай Народнай партыі Жозефам Долем.

Заснавальнік і прад’юсар серыі музычных альбомаў беларускамоўнай хрысціянскай музыкі "Беларускі Хрысьціянскі Хіт" (2008 – 2015, выйшла 7 альбомаў).

У  снежні 2010 г., падчас масавай акцыі супраць фальсіфікацыі выбараў арыштаваны, пяць месяцаў адбыў у турме КДБ, а затым два гады і два месяцы - у спецкамендатуры ў вёсцы Куплін Пружанскага раёна. Вызвалены ў кастрычніку 2013 года.

11 студзеня 2014 года ў Менску ажаніўся з Вольгай Севярынец (народжаная Шылак). Вянчанне адбывалася ў менскім катэдральным касцёле Панны Марыі – там жа, дзе ў 1917 годзе была запачаткаваная БХД.

Разам з Максімам Гацаком і Анатолем Шырвелем у 2014 годзе заснаваў хрысціянскі інфармацыйны партал “Крыніца.інфа”.

Ініцыятар стварэння “Беларускага камітэту салідарнасці з Украінай” (2014), “Камітэту абароны прадпрымальніцтва” (2016), адзін з каардынатараў стала дзеючага форума “Свабоду палітвязням!” (2015).

Аўтар кнігаў: «Ды-джэй Адраджэння» (1998 г.), «Пакаленне Маладога Фронту» (2002 г.), «Нацыянальная ідэя. Фенаменалогія Беларусі» (2005 г.), «Лісты з лесу» (2007 г.), «Брату» (2007 г.), "Маладафронтаўцы" (2009 г. – сумесна з Н. Палажанкай), "Беларуская глыбіня"( 2014 г.), “Беларуская хрысціянская дэмакратыя: 1917 – 2017” (2017).

Сябра Саюза Беларускіх Пісьменнікаў, Беларускага ПЭН-цэнтру, Беларускай Асацыяцыі Журналістаў, Таварыства Беларускай Мовы, Згуртавання Беларусаў Свету “Бацькаўшчына”.

Лаўрэат літаратурных прэміяў: Беларускага ПЭН-цэнтру імя Алеся  Адамовіча, імя Францішка Аляхновіча, а таксама прэміі "За свабоду думкі" імя Васіля Быкава.

Праваслаўны хрысціянін, прыхаджанін Свята-Петрапаўлаўскага сабора ў Мінску.

 

 

Паводле аўтабіяграфіі

Навіны па тэме