Віталь Рымашэўскі сустрэўся зь беларусамі, якія жывуць і вучацца ў Польшы

14 кастрычніка 2009 14:29  |  БХД

Учора ў Варшаве адбылася сустрэча Віталя Рымашэўскага, сустаршыні БХД, зь беларусамі, якія жывуць і вучацца ў Польшчы. Размова ішла пра сёньняшнюю сытуацыю ў Беларусі й пра пляны на будучыню.


«Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» па сучасных палітычных мерках зьяўляецца маладой арганізацыяй. Арганізацыйны камітэт пачаў працу па стварэньні партыі тры гады таму. Сёньня прадстаўнікі партыі кажуць пра намер вылучаць свайго кандыдата на прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі. Такім кандыдатам вылучаны Віталь Рымашэўскі, які быў у нядзелю ў Варшаве й сустракаўся са студэнтамі Калегіюму й з прадстаўнікамі беларускай дыяспары ў Польшчы. Сустрэчу зладзіла арганізацыя „Беларуская нацыянальная памяць”. Больш падрабязна распавядае прадстаўнік арганізацыі Анатоль Міхнавец

 

Анатоль Міхнавец: Учора ў Варшаве адбылася сустрэча з сустаршынём БХД Віталём Рымашэўскім. На сустрэчу былі запрошаныя беларусы, якія жывуць у Польшчы й цікавяцца падзеямі ў Беларусі. Мэтай сустрэчы было паінфармаваць, што зараз адбываецца ў Беларусі. Сустрэча доўжылася каля гадзіны. Першай часткай быў выступ Віталя, які распавёў пра БХД і пра працу, якую вядзе гэтая арганізацыя. Другая частка была прысьвечана дыскусіі, былі пытаньні людзей.

 

Удзельнікаў сустрэчы цікавіў вельмі шырокі спэктар пытаньняў, сярод якіх палітычная сытуацыя ў Беларусі, адносіны з Эўразьвязам, пляны беларускіх дэмакратычных сілаў. Распавядае прамоўца Віталь Рымашэўскі.


Віталь Рымашэўскі: Сустрэча тычылася агульнай сытуацыі ў Беларусі, дзейнасьці БХД. Я быў усьцешаны тым, што людзі цікавяцца сытуацыяй у Беларусі. Толькі яны выказвалі мала энтузіязму ў справе будучыні й зьменаў да лепшага ў Беларусі. Пыталіся пра сытуацыю ў дэмакратычных колах, пра нашыя пляны на будучыню й пра адносіны з Эўропай.

Сустрэча прайшла ў пазытыўнай атмасфэры, аднак, па словах выступоўцы, было шмат пэсымістычных увагаў наконт пэрспэктываў дэмакратычных зьменаў у Беларусі. Віталь Рымашэўскі спрабаваў пераконваць, што такія пэрспэктывы ёсьць, іх трэба ствараць уласнай працай.

 

Віталь Рымашэўскі: Усе мы хацелі б, каб за гэтыя апошнія 10 гадоў у Беларусі адбыліся зьмены да лепшага. Гэтага не назіраецца. Сюды яшчэ трэба дадаць расчараваньне ў беспасьпяховасьці дзейнасьці дэмакратычных арганізацыяў. На маю думку, пэрспэктывы ў Беларусі ёсьць. Гэта зьвязана з вонкавымі зьменамі, асабліва ў стасунках ЭЗ і Беларусі, так і з унутранымі зьменамі – прыходам новага пакаленьня да кіраўніцтва палітычнымі арганізацыямі ў Беларусі. Мы спадзяемся, што гэта прывядзе да выпрацоўкі новай стратэгіі.

Арганізатар сустрэчы – ініцыятыва „Беларуская нацыянальная памяць” плянуе працяваць далей гэтую практыку сустрэчаў беларускіх палітычных ды культурных дзеячоў зь беларусамі, якія знаходзяцца ў Польшчы. Пра гісторыю й дзейнасьць арганізацыі распавядае Анатоль Міхнавец.

 

Анатоль Міхнавец: У нас былі да гэтага іншыя, больш практычныя сустрэчы. Мы праводзім шырокую дзейнасьць. Тут дзейнічае арганізацыя «Беларуская нацыянальная памяць», якая створана студэнтамі Калегіюму цывітас, якія тут вучацца па праграме Каліноўскага. Адміністрацыя вучэльні разумее нашую ініцыятыву, важнасьць беларускай мовы й дэмакратычных зьменаў у Беларусі. Мы праводзім сустрэчы з палітыкамі, дзеячамі культуры, сьвяткуем памятныя даты.

 

У бліжэйшых плянах арганізатараў – правесьці ў Варшаве канцэрт Андрэя Мельнікава, сутрэчу зь Зянонам Пазьняком ды зладзіць прэзэнтацыю кніжкі Сяргей Дубаўца “Як”.

 

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч

Болей навін