БХД патрабуе неадкладна разблакаваць Хартыю’97

29 студзеня 2018 12:18  |  Галоўныя навіны

БХД патрабуе неадкладна разблакаваць Хартыю'97

 

Беларуская хрысціянская дэмакратыя выступае катэгарычна супраць любых абмежаванняў права на свабоду слова Беларусі, абмежаванняў і цэнзуры ў інтэрнэце і патрабуе неадкладнага зняцця блакавання з рэсурсу Хартыя’97. Блакаванне незалежнага інтэрнэт-выдання з’яўляецца грубым парушэннем правоў чалавека ў нашай краіне.

Беларускія ўлады дэкларуюць намеры нармалізацыі стасункаў з Захадам, прыкладаюць усе намаганні для прыцягнення інвестыцый у краіну, у тым ліку ў IT-сферу. Аднак рэпрэсіўныя меры, якія ўлада працягвае выкарыстоўваць у дачыненні да палітычнай апазіцыі, незалежных СМИ, бізнесу і ўсіх грамадзян сваёй уласнай краіны ставіць Беларусь у адзін шэраг з афрыканскімі і азіяцкіямі дэспатыямі.

Цэнзура ў інтэрнэце, рэпрэсіі ў дачыненні да незалежных журналістаў робяць немагчымым паўнавартаснае супрацоўніцтва з Еўрапейскім Саюзам, іншымі цывілізаванымі дэмакратычнымі краінамі. Таму парушэнні правоў чалавека ў Беларусі заўсёды маюць не толькі палітычныя, але і эканамічныя наступствы, якія адлюстроўваюцца на жыцці грамадзян усёй краіны.

За апошні год колькасць рэпрэсій у Беларусі павялічылася фактычна ва ўсіх сферах: і ў дачыненні да незалежных журналістаў, і грамадзянскай супольнасці, і палітычнай апазіцыі. Від рэпрэсій змяніўся, аднак гэта не павінна ўводзіць ў зман ні праваабарончыя арганізацыі, ні ўрады дэмакратычных краін.

Мы патрабуем ад беларускіх уладаў, беларускіх сілавых структур, міністэрства інфармацыі спыніць незаконны пераслед журналістаў, спыніць цэнзуру ў інтэрнэце і спыніць рэпрэсіі супраць грамадзян Беларусі. Мы заклікаем беларускія палітычныя сілы, грамадзянскую супольнасць, усіх грамадзян Беларусі сёння падтрымаць незалежны рэсурс Хартыя’97.

Улады мэтанакіравана знішчаюць у Беларусі свабоду слова. Месяц таму пад пагрозу была пастаўленая работа «Беларускага партызана», зараз заблакаваная «Хартыя’97». Калі прамаўчым, не акажам салідарнасці, не абаронім незалежныя інтэрнэт-выданні, то заўтра ўлады знішчыць усе незалежныя СМІ ў нашай краіне.

Болей навін