«Калгас прапілі». У вёсцы ля возера няма вады (відэа)

08 лютага 2018 09:16  |  Палітыка

«Калгас прапілі». У вёсцы ля возера няма вады (відэа)

 

Прамоўца БХД па Віцебскім раёне і вобласці Алена Янушкоўская заангажавала журналістаў ды з’ездзіла з імі ў вёску Тапорына, якая ўваходзіць у яе Заронаўскую акругу №9. Невядома адкуль сельсавету стала вядома, што Алена збіраецца ў Тапорына, але яны сталі тэлефанаваць людзям, застрашваць іх і папярэджваць, каб ні ў якім разе журналістам нічога не казалі. Ды не на тых напалі.

Падрабязней у рэпартажы “Белсату”:

Жыхары вёскі Тапорына ў Віцебскім раёне пасля заняпаду фермы сутыкнуліся з нястачаю пітной вады. Харчы ў вёску прывозіць аўталаўка, а вось калонка пасля адлучэння воданапорнай вежы не працуе.

«У вёсцы таксама ёсць калодзеж, але кажуць – «не ядомы», дрэнная вада, не пітная, ну а людзі карыстаюцца. Збіраем ваду, пасля дажджу збіраем, у каго саджалкі ёсць», – кажа жыхарка вёскі Іна Ціханенка.

За карыстанне калонкаю вяскоўцы спраўна плацілі

Але цяпер, каб аднавіць падачу вады, улады прапануюць жыхарам сабраць грошы яшчэ і на помпу. Аднак насельніцтва Тапорына – пераважна пенсіянеры, дый знайсці працу ў вёсцы, каб зарабіць на пітную ваду, няпроста.

«Наагул няма, калгас прапіты, прабач за выраз пра… Было шмат тэхнікі а цяпер нічога няма і дэпутатаў набіраюць, а што карысці з іх?», – абураецца тутэйшы вясковец.

Перад прыездам журналістаў Іне Ціханенцы, жыхарцы Тапорына, тэлефанавалі з сельсавету з папярэджаннем: не кантактаваць з прэсаю. Калі ж белсатаўцы самі паспрабавалі звязацца з мясцовымі ўладамі, прадстаўнікі сельсавету не сталі каментаваць праблемы з вадой, спаслаўшыся на недахоп часу. Як той кажа, нібы вады ў рот набраўшы.

 

Андрусь Такінданг, «Белсат»

Болей навін