Дыскусія Алены Шабуні і Таццяны Сівачэнка (відэа)

14 лютага 2018 18:37  |  Палітыка

Дыскусія Алены Шабуні і Таццяны Сівачэнка (відэа)

 

“Людзям пара ўжо прачнуцца, час усвядоміць сваю значнасць”, – лічыць кандыдат у дэпутаты Магілёўскага аблсавета Таццяна Сівачэнка.

Намеснік дырэктара па навуковай працы ва “КБ “Прамысловыя тэхналогіі і комплексы”, Таццяна Сівачэнка балатуецца ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі кандыдатам у дэпутаты Магілёўскага абласнога Савета па Вішнявецкай выбарчай акрузе №40. Алена Шабуня ад Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі вылучаецца ў Віцебскі гарадскі савет дэпутатаў па акрузе №22, якая знаходзіцца ў віцебскім мікрараёне Білева з насельніцтвам каля 40 тыс. чалавек.

Сёння кандыдаткі сышліся ў эфіры Epramova.

Чаму пайшлі ў дэпутаты?

Таццяна Сівачэнка: У краіне вельмі вялікія праблемы з вытворчасцю і ў грамадстве. Я хачу змяніць сітуацыю да лепшага, таму і пайшла ў палітыку. Трэба мяняць сітуацыю, і некаму трэба гэта рабіць. Значная частка маёй акругі прыпадае на прыватны сектар, многія выбаршчыкі працавалі і працуюць цяпер на “Лаўсане” (раней там працавалі 25 тысяч чалавек, цяпер – 5,5 тысячы). З краіны з’язджаюць спецыялісты з вышэйшай адукацыяй, нядаўна ў Маскве забілі майго знаёмага, які з’ехаў на заробкі. Гэта трэба спыніць. 

Алёна Шабуня: Калі на мінулых выбарах на маім участку, дзе балатавалася Таццяна Севярынец, прыйшлі толькі 30% і за Таццяну прагаласавалі менш, чым за праўладнага кандыдата, я заракалася: каб я дзеля гэтых людзей яшчэ нешта рабіла!.. Але пасля загадала сабе: стоп, 70% выбаршчыкаў, якія разумеюць, што адбываецца ў краіне, не прыйшлі галасаваць. І з гэтымі людзьмі трэба працаваць.

Ісці ці не ісці галасаваць?

Таццяна Сівачэнка: Толькі каля 5% выбаршчыкаў ведаюць сваіх дзейных дэпутатаў. На мінулых выбарах на маім участку паргаласавалі толькі 17% выбаршчыкаў, а афіцыйна запісалі 73%. Таму я кажу людзям, каб ішлі на выбары, каб камісіі бачылі, што свядомых людзей большасць. Людзям пара ўжо прачнуцца, час усвядоміць сваю значнасць.

Алёна Шабуня: Хадзіць на выбары не трэба. Сёння выбары – не выбары, а проста спектакль. Вядома, што мяне ніхто дэпутатам не прызначыць.

З якім багажом ідуць на выбары?

Алёна Шабуня: Нам удалося дабіцца будаўніцтва дзіцячага садка, школы, паліклінікі. Хаця часам хацелася проста плюнуць на ўсё. Мы пісалі звароты ва ўсе магчымыя інстанцыі. Спачатку адправілі каля паўтары тысяч подпісаў за будаўніцтва садка, школы, паліклінікі, затым яшчэ дадалі. І што ж зрабілі улады? Яны пачалі абзвоньваць падпісантаў: а вам сапраўды трэба паліклініка, школа, садок? І калі на прыёме ў аблвыканкаме нам агучылі “працэнты” супраць, у мяне проста мову адняло.

 

Таццяна Сівачэнка: Я, сярод іншага, збірала подпісы, каб у СШ №11 пабудавалі спартовую залу. Будынак школы вельмі стары, колісь там размяшчалася нешта кшталту НКУС. Дзеці займаюцца фізультурай дзе прыйдзецца: ёсць забетаванае поле – калі ласка, гуляйце зімой у футбол. Улады далі адпіску, але я на тым не спынюся. Дзеці мусяць займацца спортам, бо адсутнасць фізкультуры – гэта не толькі няправільна, але і небяспечна для дзіцячага здароўя.

Болей навін