На кандыдата ад БХД “настукала” давераная асоба Панасюка

18.02.2018, 10:06  |  Навіны » Палітыка

На кандыдата ад БХД “настукала” давераная асоба Панасюка

 

Пасля “разбору палётаў” у гарадской выбарчай камісіі Галіна Каржанеўская, экс-кандыдат ад БХД па Матусевіцкай выбарчай акрузе № 33, распавяла пра падрабязнасці пазбаўлення яе рэгістрацыі. Для гэтага хапіла двзюх прыдзірак-папярэджанняў. Адно тычылася памылкі ў плакаце, другое – раздачы падчас пікету газеты “Народная воля”.

“Яны, не гледзячы, рэгіструюць прадастаўленую друкаваную прадукцыю, а потым бачаць  яе на стэндах і паднімаюць вэрхал, што там не ўсё ў парадку, – распавядае пісьменніца. – Як быццам рэгістрацыя кандыдацкіх плакатаў і ўлётак для іх – звычайная фармальнасць, і яны ні за што не адказваюць!”

Другое папярэджанне ўвогуле выглядае шпіёнскай гісторыяй. Фрунзенскі выбаркам, не маючы доказаў, спасылаўся на фотаздымкі аднаго сайту (!) і на ананімную заяву “выбаршчыка”. Падчас разгляду скаргі стала вядома, што раздачу нумароў “з агітацыяй” выявіла не проста пільная грамадзянка, а давераная асоба кандыдата і адначасова старшыні Мінскага гарсавета Васіля Панасюка Таццяна Лаўрухіна. Няйначай, гэта адна з жанчын, што спешна прыбылі да Заходняга рынку са сцягам “Белай Русі” і з яго партрэтам (Нагадаем, што балатуецца ён па той жа Матусевіцкай акрузе).

 

“Жанчыну, па ўсёй бачнасці, прымусілі напісаць данос на маіх давераных асоб і такім чынам забяспечылі дзеючаму дэпутату “элегантную” перамогу.  Па хмурным твары галавы Мінскай гарадской выбарчай камісіі, спадара Шаўцова было бачна, – працягвае Г.Каржанеўская, – што яму болей падабаецца задавальняць скаргі прэтэндэнтаў, чымся  ўзаконьваць іх зняццё з выбарчай дыстанцыі”.

Навіны па тэме