Як лічылі галасы на «выбарах» – відэа з участку Пятра Папраўкі

19 лютага 2018 08:43  |  Галоўныя навіны

Як лічылі галасы на «выбарах» – відэа з участку Пятра Папраўкі

 

18 лютага ў Беларусі завяршылася выбарчая кампанія, якая прадэманстравала нябачны да таго ўзровень фальсіфікацый і прыпісак. Не стаў выключэннем і падлік галасоў.

Прыводзім у якасці яго прыкладу відэа з участку № 12 выбарчай акругі № 16 па выбарах у Менгарсавет, дзе балатаваўся прамоўца Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Пётр Папраўка і дзе разам з ім назіралі сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі, адказны сакратар Дзяніс Садоўскі, незалежныя назіральнікі ад БХД.

Назіральнікаў члены камісіі паставілі ў калідоры за некалькі метраў ад сталоў з бюлетэнямі, пры гэтым перагарадзіўшы ім шлях сталамі. На заўвагі і просьбы зрабіць падлік галасоў празрыстым яны не рэагавалі, як і на тое, што ў стосах за праўладнага кандыдата былі подпісы і за іншых прэтэндэнтаў. Незалежныя назіральнікі не маглі бачыць і кантраляваць, як ідзе падлік галасоў, як, чаму і ў які стос кладуцца галасы.

Пры гэтым побач стаялі праўладныя назіральнікі, мэтай якіх было справакаваць прадстаўнікоў БХД і не даць ім сачыць за падлікам галасоў. У рэшце рэшт, на ўчастку на дапамогу сябрам камісіі і праўладным назіральнікам была выкліканая міліцыя.

«Мы бачылі цудоўны спектакль таго, як праходзіць выбарчая кампанія ў Рэспубліцы Беларусь. Я яшчэ раз дзякую незалежным назіральнікам – гэта нашы героі», – адзначыў Віталь Рымашэўскі.

 

«Той механізм, які ўжываўся на ўчастку, адмыслова зроблены, каб скрасці тую перамогу, якую адваявалі калісьці нашы продкі для нас са зброяй у руках», – заявіў Пётр Папраўка.

Болей навін