Вызначаны сцэнар мітынгу, які адбудзецца прыканцы Чарнобыльскага шляху

24.04.2018, 10:26  |  Галоўныя навіны, Палітыка

Вызначаны сцэнар мітынгу, які адбудзецца прыканцы Чарнобыльскага шляху

 

На чарговым паседжанні аргкамітэту „Чарнобыльскага шляху -2018” у Менску вызначаны сцэнар мітынгу, які пройдзе пасля шэсця ў дазволеным фармаце каля Чарнобыльскай капліцы,  – распавёў сябра аргкамітэту, сустрашыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец.

– На гэты мітынг запрошаны прадстаўнікі ўсіх асноўных хрысціянскіх канфесій. Будуць выступы эколагаў, ліквідатараў і прадстаўнікоў арганізатараў. Скончыцца мітынг спяваннем гімна “Магутны Божа”, запальваннем свечак і ўскладаннем кветак да крыжа і памятнага знаку. Акрамя гэтага мы вырашылі працягнуць збор сродкаў і заклікаем ахвяраваць на правядзенне “Чарнобыльскага шляху” на платформе Talaka.by. І акрамя гэтага “Чарнобыльскі шлях” сёлета будзе пачаткам “Астравецкага шляху”.

Дваццаць шостага дня кожнага месца ў гарадах, якія знаходзяцца паміж Менскам і Астраўцом, плануецца праводзіць мітынгі, пікеты, круглыя сталы і збор подпісаў за тое, каб была зачынена Астравецкая АЭС. 26 траўня розныя мерапрыемствы з гэтым патрабаваннем запланаваныя ў Заслаўі, потым у Радашковічах, Маладэчне, Вілейцы, Смаргоні, Ашмянах. І завершыцца гэтая кампанія 26 лістапада, у Астраўцы, – распавёў Павел Севярынец.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя

Навіны па тэме