Ініцыятывы “Хайсы”: чыноўнік пакпіў з наведвальнікаў, за што і атрымаў

28 чэрвеня 2018 09:56  |  Палітыка

Ініцыятывы “Хайсы”: чыноўнік пакпіў з наведвальнікаў, за што і атрымаў

 

27 чэрвеня прадстаўнікі ініцыятывы “Хайсы”, у якую ўваходзяць і актывісты аргкамітэта БХД, прыйшлі на прыём да старшыні Віцебскага раённага выканкама Генадзя Сабыніча, каб данесці ўсё ж свае доказы наяўнасці пахаванняў пад вёскай Хайсы ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Райвыканкам мае іншае меркаванне.

Прыйшло 7 чалавек з ініцыятывы, на што адразу адрэагаваў чыноўнік, калі ўсе ўладкаваліся за сталом у ягоным кабінеце: “Ну паглядзіце, разгар працоўнага дня, а сем чалавек не на працы. А сем чалавек шмат што могуць зрабіць…”

Ён хацеў распавесці нейкую павучальную гісторыю, але пачуў ад актывісткі БХД Ірыны Захаравай: “Я, між іншым, на пенсіі, у маёй арганізацыі, як толькі 55 споўніцца, адразу выпраўляюць на пенсію, гэта вы тут заседжваецеся, што вас з гэтых кабінетаў толькі наперад нагамі выносяць!”

Сабыніч абсёкся, да яго дайшло, што шмат на сябе ўзяў, далей размову вёў класічна: “Мы разбярэмся дэталёва, мы дашлем запыт, мы ўлічым вашу пазіцыю”…

Амаль гадзіну даводзілі актывісты яму сваю пазіцыю. А на завяршэнне Алена Янушкоўская з БХД выказала сваё абурэнне: “Вы мяне абразілі, і я хачу вас папярэдзіць, што калі вы дазволіце сабе такое яшчэ, то падам у суд. Чаму ж гэта я не на працы? А хто вінаваты, што ідучы па дарозе, якую вы гадамі ў Суйкава правесці не можаце – толькі абяцаеце, я зламала нагу, згубіла працу. Але ў мяне ёсць гаспадарка, і я на ёй працую, як ніхто з вас не працуе”. 

“Думаецца, сустрэча з людзьмі, што ў разгар працоўнага дня чамусьці аказаліся не на працы, пойдзе старшыні Віцебскага райвыканкама Генадзю Сабынічу на карысць. Паспрабаваў ён прыпадобніцца да праўладных хамаў, ды не пракаціла. Можа, да нашых патрабаванняў паставіцца больш уважліва, бо размаўляў з людзьмі, якія маюць годнасць”, – адзначае каардынатар БХД Таццяна Севярынец.

Болей навін