Трох віцебскіх актывістак БХД за абарону Курапатаў аштрафавалі на 931 рубель

06.09.2018, 09:10  |  Галоўныя навіны, Палітыка

Трох віцебскіх актывістак БХД за абарону Курапатаў аштрафавалі на 931 рубель

 

За ўдзел у пікетаваньні рэстарацыі «Поедем поедим» ля Курапатаў суд Віцебскага раёну аштрафаваў Алену Янушкоўскую на 12 базавых велічынь, у Першамайскім райсудзе Віцебску штрафамі па 13 базавых пакаралі Ірыну Захараву і Тацяну Севярынец.

Працэсы былі завочныя: ніводная з актывістак не змагла трапіць на суд, бо паведамілі пра яго занадта позна.

Суд бязь сьведкаў, але ў прысутнасьці «людзей у цывільным»

Суды разьбіралі справы, распачатыя за ўдзел у «Курапацкай варце» 8-га жніўня, паводле адміністрацыйнага артыкула 23.34 «Парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў».

У той дзень машыну з чатырма віцебскімі актывістамі тройчы затрымлівалі па дарозе ў Курапаты, а таксама на зваротным шляху. У пастарунку ў Бараўлянах на Алену Янушкоўскую і Ірыну Захараву склалі пратаколы паводле артыкулу 23.34 КаАП («Парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў»). Тацяна Севярынец даведалася, што на яе таксама складзены пратакол, толькі 27-га жніўня.

Супрацоўнікі міліцыі Міхалевіч і Новік, якія складалі рапарты і пратаколы, у Віцебск не прыехалі — спаслаліся на службовую занятасьць, а таксама на тое, што ехаць занадта далёка. Але прысутнічалі тутэйшыя супрацоўнікі сілавых структур у цывільным — у якасьці гледачоў на працэсах, якія атрымаліся завочнымі.

Радыё Свабода

Навіны па тэме