Віцебскія актывісты праверылі, як выконваюцца абяцанні па ўпарадкаванні Парка 1000-годдзя

11.09.2018, 08:26  |  Навіны » Грамадства

Віцебскія актывісты праверылі, як выконваюцца абяцанні па ўпарадкаванні Парка 1000-годдзя

Сябры аргкамітэта БХД, актывісты ініцыятывы “Віцебск – горад наш” 10 верасня праверылі, як працуе дырэктар УКС Віцебска Міхаіл Мішко.

Амаль тры месяцы таму на прыёме ў намесніка гарвыканкама Сяргея Саглаева, калі актывісты паставілі пытанне пра лёс няшчаснага Парка 1000-годдзя (за лядовікам), дзе пачалася і, як заўсёды ў Віцебску, закінута праца па даўно запланаваным добраўпарадкаваннем той пусткі, Міхаіл Мішко голасна заявіў: “Вось зараз на Маскоўскім праспекце працы скончым і туды”.

І сапраўды, у хуткім часе прывалаклі ў парк вагончык, нагрузілі пліткі на паддонах, захутаныя ў цэлафан. Маладзенькі прараб доўга вывучаў 10-мятровы чарцёж-план. Пара-тройка цвярозых да абеду плітачнікаў злучалі восеньскія кавалкі дарожкі. Злучылі. З трох бакоў.

Вагончык зачынілі, колькасць пліткі нейкім загадкавым чынам змяншаецца штодня, працоўных –цвярэзнікаў не бачна, у гарвыканкаме добра ведаюць, што плітка сама сабой знікае і дзесьці з’яўляецца ў якасці прыгажэнькіх дарожак на чыемсьці прыватным участку. А дзе ж Міхаіл Мішко? У яго па-ранейшаму ёсць працоўны кабінет, стол і крэсла, тэчкі з паперамі. Сакратарка. Ён у курсе. Во нервы ў чалавека! Як удаў: заробак атрымлівае, ніхто з таго заробку не вычытвае за скрадзеную плітку, за прастой абсталявання (там яшчэ нейкі экскаватар час ад часу завісае), за поўны працоўны дзень прараба з чарцяжом.

“Сёння я там была. Каля вагончыка магільная цішыня, на дзверцах - амбарны замок, перад вагончыкам - нейкі стол і нават стул, вецер гойдае цэлафан са зніклых плітак. Як было месяц таму, так і засталося… Побач прыпаркаваныя тры машыны. Чые целы сюды яны прывезлі, я не зразумела. Паслухайце сюды, паважаныя кантралюючыя органы, я вам сігналю, што творыцца ў парку 1000-годдзя Віцебска. Ці не прыйшоў час спытаць з Міхаіла Альфрэдавіча Мішко за яго працу? За вынікі? Завальвае ж чалавек пункт №5 “Інвестыцыйнай праграмы г. Віцебска на 2018-ы год”!  А мы яшчэ не раз у парк завітаем-праверым, дзе там спадар Мішко боўтаецца?” – кажа каардынатар БХД Таццяна Севярынец.

Навіны па тэме